The Guardian: Вялікая Брытанія дазволіла Ўкраіне выкарыстоўваць Storm Shadow для ўдараў па Расеі

Крылатыя ракеты Storm Shadow, ілюстрацыйнае фота

Вялікая Брытанія дазволіла Ўкраіне выкарыстоўваць крылатыя ракеты Storm Shadow для ўдараў па цэлях у глыбіні Расеі, але публічна аб’яўляць пра гэта ня будуць, паведамляе The Guardian са спасылкай на крыніцы ў брытанскім урадзе.

Як адзначылі суразмоўцы газэты, сустрэча дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена і міністра замежных спраў Вялікай Брытаніі Дэвіда Лэмі 11 верасьня з украінскім прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім у Кіеве «не адбылася б, калі б не было прынята станоўчага рашэньня аб Storm Shadow». Пры гэтым The Guardian указвае, што калі б Лэмі публічна заявіў аб прынятым рашэньні ў Кіеве, яго словы маглі б палічыць залішне правакацыйнымі.

Паводле інфармацыі выданьня, на выкарыстаньне ракет Кіевам, пэўна, увядуць абмежаваньні, «каб пазьбегнуць безразважных ці непатрэбных нападаў».

Акрамя таго, Лёндан, падобна, па-ранейшаму ня даў Украіне дазволу на выкарыстаньне ракет з далёкасьцю палёту больш за 300 кілямэтраў, дадае The Guardian.

На сустрэчы з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім Блінкен паабяцаў перадаць Джо Байдэну пажаданьні Кіева адносна ўжываньня амэрыканскай дальнабойнай зброі для ўдараў углыб расейскай тэрыторыі.

Зяленскі пасьля сустрэчы паведаміў, што правёў «вельмі зьмястоўную і працяглую размову» з Энтані Блінкенам і Дэвідам Лэмі. «Усе ключавыя пытаньні абмеркавалі. Важна, каб украінскія аргумэнты былі пачутыя. Гэта датычыцца і дальнабойнай зброі, і забесьпячэньня баявых брыгадаў на фронце, і агульнай стратэгіі набліжэньня справядлівага міру», — сказаў ён.

  • Днём раней прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў журналістам, што ў Вашынгтоне працуюць над адменай абмежаваньняў на выкарыстаньне Ўкраінай амэрыканскай дальнабойнай зброі — ракет ATACMS — для ўдараў углыб Расеі.
  • У траўні ЗША абмежавана дазволілі Ўкраіне наносіць удары амэрыканскай зброяй па тэрыторыі Расеі на фоне наступу ў Харкаўскай вобласьці. Пры гэтым выкарыстаньне дальнабойных ракет ATACMS для атак па расейскай тэрыторыі заставалася пад забаронай.
    ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША дадуць Украіне новую дапамогу ў памеры 700 мільёнаў даляраў, Вялікая Брытанія — на 242 мільёны фунтаў