На палігон «Барысаўскі», дзе праходзяць вучэньні «Захад-2025», прыехаў вайсковы аташэ ЗША

Расейскія салдаты, якія ўдзельнічаюць у вучэньнях «Захад-2025» на тэрыторыі Беларусі. Архіўнае фота

У Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі, што 15 верасьня адзін з этапаў вучэньняў «Захад-2025» адбудзецца на 227-м агульнавайсковым палігоне ў Менскай вобласьці.

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, амэрыканскіх вайскоўцаў сустрэў міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін, які загадаў сваім падначаленым вылучыць ім найлепшыя месцы і паказаць усё, што іх зацікавіць.

15 верасьня за чарговым этапам вучэньняў «Захад-2025» на палігоне «Барысаўскі», паводле вайсковага ведамства Беларусі, будуць назіраць прадстаўнікі 23 дзяржаваў, у тым ліку трое з краін NATO — ЗША, Турэччыны і Вугоршчыны.

У той жа час на афіцыйных рэсурсах амбасады ЗША ў Беларусі і Міністэрства абароны ЗША нічога аб гэтым не паведамляюць. Як вынікае з фота, апублікаваных прэсавай служба Міністэрства абароны Беларусі, на палігон прыбыў Браян Шуп, раней акрэдытаваны вайсковым аташэ ў амбасадзе ЗША ў Беларусі.

Вайсковы аташэ ЗША ў Беларусі Браян Шуп (у цэнтры) назірае за вучэньнямі «Захад-2025»

Вучэньні «Захад-2025» пачаліся 12 верасьня і будуць працягвацца да 16 верасьня. Яны адначасова праходзяць ў розных месцах Расеі і ў Беларусі .

У Беларусі розныя этапы вучэньняў адбываюцца на палігоне «Лясішча» ў Слуцкім раёне і на 227-м агульнавайсковым палігоне «Барысаўскі». У Расеі манэўры праводзяць у Калінінградзкай вобласьці, а таксама ў Баранцавым моры і ў паўночных раёнах Паўночнага Ледавітага акіяну. Там Расея разгарнула свой Паўночны морскі флёт, які трэнуецца ў абароне берагавых аб’ектаў і гарнізонаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея пашырыла вучэньні «Захад-2025» на Калінінградзкую вобласьць