Беларусы змогуць здаць даляры старога ўзору, абяцае Галоўчанка

Ілюстрацыйная выява

Апошні год беларусы сутыкаюцца зь немагчымасцю абмяняць у банках «чорна-белыя» даляры старога выпуску — да 2013 году.

У ЗША і заходнім сьвеце старыя даляры маюць такую самую вартасьць, што і «новыя», каляровыя.

Такія ж абмежаваньні на прыём старых даляраў існуюць у банках Расеі, Турэччыны, Эгіпту і некаторых іншых краін, куды беларусы могуць адправіцца на адпачынак.

У гэтых краінах узьнік крызіс «старых даляраў», бо на іхныя рынкі хлынулі якасна зробленыя падробкі фальшывых даляраў старога ўзору, якія састарэлае банкаўскае абсталяваньне ня ў стане выявіць, піша Myfin.

Кіраўнік Нацыянальнага банку Раман Галоўчанка заявіў, што банкі абавязаныя без абмежаваньняў прымаць даляры старога ўзору, а таксама са сьлядамі цьвілі, якія відаць праз інфрачырвонае абсталяваньне.

«Ніякіх абмежаваньняў на прыём амэрыканскіх даляраў — старога ці новага ўзору, так званых сініх ці белых, не існуе», — заявіў Галоўчанка.

Неўзабаве, паводле Галоўчанкі, будзе прынятая пастанова Нацыянальнага банку, якая дазволіць прымаць банкноты зь сьлядамі цьвілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі курс пачаў падаць, я спачатку перажывала». Распыталі беларусаў, як яны захоўваюць грошы пасьля падзеньня даляра


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За сем месяцаў фізычныя асобы прадалі наяўнай валюты на 1,5 млрд даляраў больш, чым купілі