Лукашэнка назваў Херсонскую вобласьць «новым рэгіёнам Расеі» і заявіў, што хоча зь ёй супрацоўнічаць

Колішні дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ўладзімір Сальда

Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з украінскім калябарантам Уладзімірам Сальдам, якога ва Ўкраіне асудзілі на 15 гадоў зьняволеньня за дзяржаўную здраду, калябарацыянізм і падтрымку расейскай агрэсіі. Цяпер у акупаванай Расеяй частцы Херсонскай вобласьці ён ачольвае расейскую адміністрацыю.

Аляксандар Лукашэнка заявіў аб гатоўнасьці супрацоўнічаць з «новым рэгіёнам» Расеі Херсонскай вобласьцю ў сфэры сельскай гаспадаркі і сельскагаспадарчай тэхнікі.

«Наперадзе ў нас вялікі аб’ём работы. Вы павінны ведаць, што мы ўсяляк будзем спрыяць разьвіцьцю вашай вобласьці. Настолькі, наколькі мы гэта зможам», — адзначаецца на яго сайце.

Дзяржаўнае агенцтва БелТА паведаміла, што Лукашэнка прапанаваў Уладзіміру Сальду азнаёміцца зь беларускімі прадпрыемствамі, якія могуць дапамагчы разьвіцьцю рэгіёну.

«Я вельмі ўважліва назіраю за тым, як разьвіваюцца падзеі на новых тэрыторыях Расеі. Вы гэта добра ведаеце. Асабліва Херсонская вобласьць. Гляджу за вашым паездкамі. Мяне крыху дзівіць тое, што ў гэтай сытуацыі, калі ня проста пастрэльваюць, а ідзе вайна зусім на вашай зямлі, вы і хлеб зьбіраеце, і займаецеся іншымі пытаньнямі. Мы ўсяляк гатовыя вам спрыяць у будаўніцтве, разьвіцьці сельскай гаспадаркі, пастаўцы неабходнай тэхнікі. Я вельмі добра ведаю, якую ўвагу надае Ўладзімір Уладзіміравіч Пуцін разьвіцьцю гэтых рэгіёнаў. Ідзе прыстойнае фінансаваньне», — заявіў Лукашэнка.

Сярод галоўных кірункаў супрацы ён назваў таксама стварэньне сэрвісных цэнтраў абслугоўваньня сельскагаспадарчай тэхнікі, а таксама гатоўнасьць Беларусі набываць садавіну і гародніну, вырашчаную ў Херсонскай вобласьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін увёў ваеннае становішча на акупаваных тэрыторыях, з Херсону расейцы хочуць вывезьці людзей, чакаюцца баі
  • У сакавіку 2014 году Расея анэксавала ўкраінскі паўвостраў Крым. Міжнародныя арганізацыі прызналі анэксію Крыму незаконнай і асудзілі дзеяньні Расеі, краіны Захаду ўвялі супраць Расеі эканамічныя санкцыі. Крэмль адмаўляе анэксію паўвострава і называе яе «аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці».
  • У верасьні 2022 году на акупаваных Расеяй тэрыторыях чатырох украінскіх вобласьцяў прайшлі псэўдарэфэрэндумы. У выніку так званага галасаваньня акупацыйныя ўлады захопленых украінскіх рэгіёнаў зьвярнуліся да Пуціна з заклікам уключыць гэтыя тэрыторыі ў склад Расеі. Пуцін падпісаў дамовы аб прыняцьці іх у склад РФ. Многія краіны сьвету заявілі, што не прызнаюць анэксіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскаму дэпутату, які езьдзіў да Лукашэнкі, пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне