Як вынікае з дакумэнту, апублікаванага на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі, 16 верасьня Савет Рэспублікі датэрмінова спыніў яго паўнамоцтвы і вызваліў ад пасады намесьніка старшыні Савету Рэспублікі.
Рашэньне абгрунтавана ч. 1 артыкулу 85 закону аб Нацыянальным сходзе і артыкулам 29 рэглямэнту Савету Рэспублікі, якія прадугледжваюць датэрміновае звальненьне з пасады ў выпадку спыненьня паўнамоцтваў.
У паведамленьні дзяржаўнага агенцтва БелТА аб прызначэньні новага намесьніка Натальлі Качанавай, датаваным 16 верасьня, адзначалася, што Сяргей Хаменка «звольнены з пасады з асабістай ініцыятывы, яго паўнамоцтвы як чальца Савету Рэспублікі спыненыя». Аднак прычынаў ягонага рашэньня не назвалі.
Пакуль не было афіцыйных паведамленьняў аб прызначэньні яго на іншыя пасады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Карʼера экс-міністра юстыцыі: зьнішчыў недзяржаўныя арганізацыі, а цяпер будзе займацца «ўстойлівым разьвіцьцём»Што вядома пра Хаменку
Сяргей Хаменка нарадзіўся ў Ясінаватай Данецкай вобласьці 21 верасьня 1966 году. Вучыўся ў Расеі — у 1987 годзе скончыў Арджанікідзэўскае вышэйшае вайсковае каманднае вучылішча, вядомае цяпер як Паўночна-Каўкаскі вайсковы інстытут унутраных войскаў Расеі, знаходзіцца ўва Ўладзікаўказе.
У Беларусь пераехаў у 1993 годзе і пачаў службу ў вядомай вайсковай частцы 5448 унутраных войскаў МУС Беларусі, дзе даслужыўся да начальніка штабу. Потым зноў атрымліваў адукацыю ў Расеі — на факультэце памежных і ўнутраных войскаў Вайсковай акадэміі імя Фрунзэ, але па заканчэньні зноў прыехаў у Беларусь, на службу ў тую ж вайсковую частку.
З 24 сьнежня 2019 году да 8 кастрычніка 2021 году працаваў намесьнікам міністра ўнутраных справаў Беларусі, а з 8 кастрычніка 2021 году да 11 красавіка 2024 году — міністрам юстыцыі.
На гэтых пасадах падтрымліваў палітычныя рэпрэсіі, ліквідацыю грамадзкіх арганізацыяў і палітычных партыяў, забраньне ліцэнзіяў у адвакатаў.
У 2020 годзе Латвія і Літва забаранілі яму ўезд на сваю тэрыторыю бестэрмінова, а Эстонія на пяць гадоў — за арганізацыю і падтрымку фальсыфікацыі вынікаў выбараў прэзыдэнта, жорсткі разгон мірных пратэстаў і катаваньне затрыманых актывістаў.
У кастрычніку 2020 году супраць яго ўвялі санкцыі краіны Эўразьвязу, да якіх далучыліся Альбанія, Ісьляндыя, Ліхтэнштайн, Нарвэгія, Паўночная Македонія, Украіна і Чарнагорыя. Вялікая Брытанія, Канада і Швайцарыя ўвялі супраць яго свае нацыянальныя санкцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар юстыцыі далажыў Лукашэнку: у Беларусі зьліквідавалі 116 грамадзкіх аб’яднаньняў