Макрон абвясьціў аб прызнаньні Францыяй Палестынскае дзяржавы

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон

Раней Палестыну прызналі Вялікая Брытанія, Аўстралія, Канада, іншыя дзяржавы.

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон 22 верасьня заявіў аб афіцыйным прызнаньні Палестынскай дзяржавы. Заява была зробленая на арганізаваным Францыяй і Саудаўскай Аравіяй саміце, прысьвечаным вырашэньню блізкаўсходняга канфлікту на аснове суіснаваньня дзьвюх дзяржаваў — Ізраілю і Палестыны. Саміт праходзіць у штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку.

Пра тое, што Макрон аб’явіць аб прызнаньні Палестынскай дзяржавы, было вядома загадзя: ён заявіў аб сваім намеры яшчэ некалькі месяцаў таму. З трыбуны ААН Макрон паўтарыў, што гэтае рашэньне, на яго думку, павінна адкрыць шлях да міру.

Раней Палестыну прызналі Вялікая Брытанія, Аўстралія і Канада. З заявамі на гэты конт выступілі кіраўнік ураду Вялікай Брытаніі Кір Стармэр, прэм’ер-міністар Канады Марк Карні. Пры гэтым Карні раскрытыкаваў цяперашнюю палітыку Ізраіля, накіраваную супраць стварэньня Палестынскай дзяржавы.

Прэм’ер-міністар Аўстраліі Энтані Альбанэзэ, які накіраваўся ў ЗША для ўдзелу ў пасяджэньні Генэральнай асамблеі ААН, таксама заявіў аб прызнаньні Дзяржавы Палестына.

Летась Палестыну як незалежную дзяржаву прызналі Нарвэгія, Гішпанія і Ірляндыя. Тады ў адказ на гэта Ізраіль адклікаў сваіх амбасадараў.

Незалежнасьць Дзяржавы Палестына цяпер прызнаюць каля 150 з 193 дзяржаваў — чальцоў ААН.

ЗША і Ізраіль адмаўляюцца прызнаваць яе цяпер. Згодна з рэзалюцыямі ААН, тэрыторыя дзяржавы павінна складацца з Заходняга берагу ракі Ярдан, сэктару Газа і Ўсходняга Ерусаліму, але Ізраіль ня згодны з такімі межамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вялікая Брытанія, Аўстралія і Канада прызналі Палестынскую дзяржаву
  • 7 кастрычніка 2023 году баевікі ХАМАС уварваліся на тэрыторыю Ізраілю, забіўшы каля 1200 чалавек і ўзяўшы больш за 250 закладнікаў.
  • У адказ Ізраіль пачаў ваенную апэрацыю ў сэктары Газа, заявіўшы, што яе мэта — вызваліць закладнікаў і зьліквідаваць ХАМАС.
  • Паводле Міністэрства аховы здароўя Газы, падкантрольнага ХАМАС, у выніку ізраільскіх нападаў у гэтым сэктары загінулі больш за 50 000 чалавек. Незалежнага пацьверджаньня гэтым лічбам няма, гэтая статыстыка не падзяляе ўзброеных і цывільных асобаў.
  • У чэрвені прэзыдэнт Палестынскай аўтаноміі Махмуд Абас публічна асудзіў напад баевікоў ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 году. Раней ён заклікаў ХАМАС вызваліць закладнікаў, але ўстрымаўся ад беспасярэднага асуджэньня нападу 7 кастрычніка.
  • Кіраўніцтва Палестынскай нацыянальнай аўтаноміі адмовілася ад падтрымкі тэрарызму як інструмэнту барацьбы за стварэньне арабскай дзяржавы ў Палестыне, але адміністрацыя рэдка асуджае дзеяньні тэрарыстычных груповак.

Вайна Ізраілю з ХАМАС і «Хэзбалой». Асноўнае

  • 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня менш за 260 удзельнікаў музычнага фэстывалю і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАС. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хэзбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне аб замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач сэктару Газа зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.

    «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

    «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
  • 15 студзеня 2025 году стала вядома пра пагадненьне пра спыненьне агню паміж Ізраілем і ХАМАС, якое павінна пачаць дзейнічаць з 19 студзеня. Ізраільскі бок выпусьціць некалькіх зьняволеных палестынскіх арабаў, а тэрарыстычная групоўка ізраільскіх закладнікаў.

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.