Палітвязьню Ігару Аліневічу 24 верасьня споўнілася 42 гады, пяты раз актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч адзначае дзень народзінаў у вязьніцы.
Да 11 жніўня 2022 году палітвязьня трымалі ў мазырскай калёніі № 20, апошнія тры гады паводле рашэньня Мазырскага раённага суду ён быў зьмешчаны ў крытую турму ў Жодзіна.
Сёлета ў жніўні гэты тэрмін закончыўся і хутчэй за ўсё актывіста адправілі па этапе ў калёнію. Дакладнай інфармацыі пра гэта няма, але гэта вынікае з нядаўняй паштоўкі Ігара Аліневіча, у якой ён піша пра этап.
Але зьвестак пра тое, куды накіроўваюць палітвязьня, у паштоўцы няма. Крыніца, якая часткова ведае пра ягоныя справы, падзялілася са Свабодай апошнімі зьвесткамі пра Аліневіча.
«7 жніўня скончыўся ягоны трохгадовы тэрмін знаходжаньня ў Жодзінскай турме. За гэтыя тры гады ні разу не было ніводнага спатканьня, ніводнага тэлефоннага званка, ні перадач, ні магчымасьці перадаць грошы на атаварку. Затое былі пастаянныя ШЫЗА, галадоўкі, пасьля адной зь якіх летам мінулага года ён трапіў у турэмны шпіталь у Калядзічах. Вельмі схуднеў», — паведаміла крыніца пра Ігара Аліневіча.
Ігар сярод іншага напісаў у паштоўцы:
«Сьвята веру, што барацьба за справядлівасьць — гэта адзін з самых годных сэнсаў, якімі чалавек можа напоўніць сваё жыцьцё. Сапраўдная воля — гэта калі запальваеш сьвечку ў цемры, ведаючы, што яна патухне».
Паводле праваабаронцаў «Вясны» Ігара Аліневіча часта караюць штрафным ізалятарам, што адбіваецца на ягоным здароўі. Апошні раз у ШЫЗА актывіст быў у траўні. Таксама праваабаронцам вядома, што летась у ліпені Аліневіч з падазрэньнем на язву страўніка трапляў у шпіталь у Калядзічах. Абвастрэньне адбылося пасьля галадоўкі, якую Ігар трымаў цягам амаль двух тыдняў.
Сёлета ў чэрвені выйшаў на волю актывіст беларускага анархісцкага руху Акіхіра Гаеўскі-Ханада. Журналісты распыталі былога палітвязьня пра аднадумцаў, зь якімі ён перасякаўся за кратамі. Акіхіра гэтак выказаўся пра сяброў па анархісцкім руху, сярод якіх і палітвязень Аліневіч.
«Некаторыя зь іх працягваюць гнуць сваю лінію і за кратамі, не маўчаць. Гэта, вядома, вельмі ўражвае і падбадзёрвае. Ігар Аліневіч, напэўна, адзін з такіх. Ён не здаецца. Але такіх людзей хапае. Ніхто з тых, хто ў маёй справе праходзіў, віны не прызнаваў. Ніхто на памілаваньне ня піша. Усе трымаюцца свайго», — сказаў пра анархістаў Акіхіра Гаеўскі-Ханада.
Ігара Аліневіча у канцы 2021 году асудзілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу, уключна з зьдзяйсьненьнем «акту тэрарызму» і прысудзілі да 20 гадоў зьняволеньня.
Беларускія праваабаронцы прызналі Аліневіча палітвязьнем і дамагаюцца ягонага вызваленьня.
Па стане на 16 жніўня ў Беларусі 1178 палітвязьняў, прызнаных праваабарончай супольнасьцю. Паводле ініцыятывы Dissidentby палітвязьняў у Беларусі 1314. Рэальная колькасьць палітзьняволеных можа быць большай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бацькі не паверылі, што мяне вызвалілі». Вялікая размова з Акіхірам Гаеўскім-ХанадамХто такі Ігар Аліневіч
- Ігар Аліневіч — актывіст анархісцкага руху, якога затрымалі пры пераходзе мяжы Беларусі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 году.
- Яго абвінавацілі па шэрагу крымінальных артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынка ДАІ, дзяржаўнага камітэту экспэртыз у Гомельскай вобласьці.
- У выніку Ігара асудзілі на 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Пазьней яму ўзмацнілі пакараньне і перавялі яго на турэмны рэжым у Жодзіна.
- Аліневіч напісаў кнігу пра беларускую карную сыстэму «Еду в Магадан».