Украіна, Эўразьвяз і 36 іншых краін заклікалі Расею спыніць забойствы ва Ўкраіне і пачаць перамовы

Сустрэча Ўладзіміра Зяленскага і Дональда Трампа ў Вашынгтоне 23 верасьня 2025 году

Вынікі ўдзелу Ўкраіны ў пасяджэньні Генэральнай асамблеі ААН.

Міністар замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга заявіў, што Ўкраіна, Эўрапейскі Зьвяз і 36 іншых краін заклікалі Расею спыніць забойствы і пачаць зьмястоўныя перамовы з Украінай.

«Мы разам, бо агрэсіўная вайна Расеі супраць Украіны працягвае прычыняць чалавечыя пакуты і дэстабілізаваць глябальны сьвет. Гэта незаконнае, нічым не справакаванае і неабгрунтаванае паўнамаштабнае ўварваньне, якое працягваецца ўжо чацьвёрты год, зьяўляецца грубым парушэньнем Статута ААН. Міжнародная супольнасьць павінна быць адзінай у вырашэньні гэтых сур’ёзных парушэньняў. Па гэтай прычыне мы абʼядналіся ў нашай салідарнасьці і разам заклікаем Расейскую Фэдэрацыю спыніць забойствы і пачаць зьмястоўныя перамовы з Украінай», — гаворыцца ў заяве.

Як паведаміла Ўкраінская служба Радыё Свабода, у заяве адзначаецца, што наўмысныя напады на мірных жыхароў або цывільныя абʼекты зьяўляюцца ваенным злачынствам, і Расея павінна неадкладна спыніць свае ракетныя і бесьпілётныя атакі на ўкраінскія гарады і мястэчкі.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што ў Нью-Ёрку абмеркаваў з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам некалькі ідэй па дасягненьні міру ў рэгіёне. Ён не ўдакладніў, якія менавіта, але выказаў надзею, што яны дадуць хуткія вынікі.

23 верасьня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп сустрэўся з прэзыдэнтам Эўрапейскай камісіі Урсуляй фон дэр Ляен, каб абмеркаваць вайну Расеі супраць Украіны, у тым ліку скарачэньне даходаў Расеі ад выкапнёвага паліва.

Трамп таксама размаўляў з Зяленскім больш за гадзіну.

Пасьля гэтых сустрэч прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп напісаў у сацыяльных сетках, што Ўкраіна пры падтрымцы Эўрапейскага Зьвязу можа вярнуць тэрыторыю краіны «ў яе першапачатковым выглядзе». Паводле яго слоў, аднаўленьне межаў, якія існавалі да вайны, цалкам рэальны варыянт.

Гэта быў першы раз, калі Трамп выказаў такое меркаваньне з моманту ўступленьня на пасаду прэзыдэнта ЗША сёлета ў студзені.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі: Украіна разьлічвае, што прапанаваны Эўразьвязам 19-ы пакет санкцый будзе для Расеі «сапраўды балючым»