Трамп сустрэўся зь Зяленскім і заявіў, што вайна працягнецца яшчэ доўга, а Ўкраіна верне сваю тэрыторыю

Прэзыдэнты ЗША і Ўкраіны Дональд Трамп і Ўладзімір Зяленскі. Нью-Ёрк, 23 верасьня 2025

Прэзыдэнты ЗША і Ўкраіны Дональд Трамп і Ўладзімір Зяленскі сустрэліся на палях Генэральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку.

Трамп размаўляў зь Зяленскім больш за гадзіну. Прэзыдэнт Украіны назваў сустрэчу «вельмі добрай і канструктыўнай».

Перад пачаткам сустрэчы Трамп адзначыў, што Ўкраіна «робіць выдатную працу ў тым, што тычыцца стрымліваньня вялізнага [расейскага] войска». Ён дадаў, што Расея разьлічвала на хуткую вайну, але зараз дасягненьні Масквы не выглядаюць выбітнымі. Вайна, на думку Трампа, будзе працягвацца яшчэ доўга.

На пытаньне, ці давярае ён усё яшчэ Пуціну, Трамп адказаў, што паведаміць праз месяц.

Адказваючы на пытаньне, ці павінна Эўропа зьбіваць расійскія самалёты і дроны ў выпадку парушэньня імі паветранай прасторы краін NATO, Трамп адказаў сьцьвярджальна. Ён таксама выказаў думку, што прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан можа адмовіцца ад закупак расейскіх энэргарэсурсаў — прынамсі ён зь ім пра гэта гаварыў.

Трамп таксама зазначыў, што расейская эканоміка знаходзіцца ў жудасным стане.

Відэарэпартаж Украінскай службы Радыё Свабода зь Нью-Ёрку:

Прэзыдэнта ЗША спыталі, ці будзе Вашынгтон даваць Украіне гарантыі бясьпекі, падобныя да тых, што абяцае Эўразьвяз.

«Мы будзем гаварыць пра гэта. І я спадзяюся, што мы будзем мець магчымасьць пагаварыць пра гэта крыху пазьней. Цяпер рана адказваць на гэтае пытаньне», — адказаў Трамп.

Зяленскі ў сваю чаргу заявіў аб вызваленьні 360 квадратных кілямэтраў украінскай тэрыторыі за апошні месяц і аб атачэньні ўкраінскім войскам тысячы расейскіх вайскоўцаў, якіх пасьля Ўкраіна разьлічвае абмяняць на палонных украінцаў.

Зяленскі таксама адзначыў, што Ўкраіна спадзяецца на ўзмацненьне ціску і ўзмацненьне жорсткасьці санкцый супраць Расеі.

«Мы цалкам падтрымліваем вашу ідэю, спадар прэзыдэнт, аб спыненьні закупак расейскай нафты і газу эўрапейскімі краінамі», — сказаў ён.

Прэзыдэнт Украіны ўдакладніў, што раней абмяркоўваў гэтае пытаньне з прэмʼер-міністрам Славаччыны Робэртам Фіцам.

«Думаю, ім патрэбныя пэўныя альтэрнатыўныя шляхі, і тады яны пагодзяцца на гэтую ідэю», — дадаў Зяленскі.

Пасьля сустрэчы зь Зяленскім Трамп напісаў у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social, што пры падтрымцы Эўразьвязу Ўкраіна «зможа вярнуць усю першапачатковую тэрыторыю», а магчыма, «пайсьці яшчэ далей».

«Пуцін і Расея маюць ВЯЛІКІЯ эканамічныя праблемы, і цяпер самы час для Ўкраіны дзейнічаць. У кожным разе я зычу абедзьвюм краінам усяго найлепшага. Мы працягнем пастаўляць зброю NATO, каб NATO рабіла зь ёю ўсё, што захоча. Удачы ўсім!» — напісаў Трамп.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што яго «трохі» зьдзівіла заява прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа пра тое, што Ўкраіна пры падтрымцы Эўрапейскага Зьвязу можа вярнуць тэрыторыю краіны «ў першапачатковым выглядзе», піша Ўкраінская служба Радыё Свабода.

«Гэта было для мяне крыху нечакана, вы маеце рацыю — вельмі пазытыўны сыгнал, што Трамп і Амэрыка будуць з намі да канца вайны. Пабачым, але дай Божа, каб так было», — сказаў Зяленскі ў інтэрвію Fox News.

Паводле ўкраінскага прэзыдэнта, Дональд Трамп разумее, што Расея ня выйграе вайну, але яе кіраўнік Уладзімір Пуцін «усім кажа, што ён пераможа». Зяленскі падкрэсьліў, што на Расею і Пуціна патрэбен ціск. Паводле яго, гэта падрабязна абмяркоўвалася на сустрэчы з Трампам, і ўкраінскі бок чакае новых санкцыяў супраць Расейскай Фэдэрацыі.

Зяленскі таксама заявіў, што, на яго думку, пазыцыі ўкраінскай і амэрыканскай камандаў цяпер «бліжэйшыя, чым калі-небудзь раней».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп: краіны NATO павінны зьбіваць расейскія самалёты, якія парушаюць іх паветраную прастору