На 24 верасьня ў Беларусі налічваецца 188 жанчын, якіх прызналі палітзьняволенымі, сярод якіх тры грамадзянкі замежных дзяржаваў, падлічылі праваабаронцы «Вясны».
Паводле праваабаронцаў, з жніўня 2020 году паводле крымінальных артыкулаў агулам у Беларусі былі асуджаныя як мінімум 1839 жанчын, зь іх 413 — на калёнію, 804 — на «хатнюю хімію», 75 — на «хімію», восем жанчын — на арышт, пяць — на прымусовае лячэньне.
Сярод асуджаных беларусак 34 журналісткі і блогеркі, 15 супрацоўніц ІТ, 22 лекаркі, 30 выкладчыц, 12 юрыстак і адвакатак, 31 студэнтка.
За апошнія гады КДБ дадаў 103 жанчыны ў «сьпіс тэрарыстаў» — гэта накладае на іх дадатковыя сур’ёзныя абмежаваньні.
Ад ліпеня 2024 году адбылося 18 памілаваньняў, падчас якіх на волю выйшлі 124 палітзьняволеныя жанчыны. Але гэтая лічба можа быць недакладнай, прызнаюць «вясноўцы».
Гэтак, паводле зьвестак «DissidentBY», падчас аднаго з памілаваньняў на волю мелі выйсьці восем жанчын, асуджаных у палітычных справах, але ў гэты дзень ніхто з палітзьняволеных з калёніяў не выйшаў. Акрамя гэтага, ніводнае прозьвішча жанчын, вызваленых па тым указе, праваабаронцам невядома. Гэта можа сьведчыць, што тыя жанчыны былі асуджаныя не паводле палітычных артыкулаў або прысуды ім не зьвязаныя з пазбаўленьнем волі, адзначаюць аўтары дасьледаваньня «Вясны».
Сярод асуджаных беларусак ёсьць жанчыны зь цяжкімі хваробамі і ўзростам за 70 гадоў.
З гісторыямі некаторых палітзьняволеных жанчын можна пазнаёміцца тут.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прававая ініцыятыва» зьвярнулася ў ААН з заявай аб парушэньні правоў жанчын у беларускіх турмах ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 25 ліпеня: 70-гадовую гамяльчанку асудзілі за камэнтары ў сеціве