У сваёй заяве экспэрты ААН заклікалі ўлады Беларусі даць інфармацыю пра ягоны лёс і месцазнаходжаньне, а таксама пра стан яго здароўя.
11 верасьня Лукашэнка памілаваў Статкевіча і яшчэ 51 зьняволенага. Усіх акрамя Мікалая прымусова перамясьцілі зь месцаў зьняволеньня на тэрыторыю Літвы. Статкевіч жа адмовіўся ад дэпартацыі, а на мяжы выйшаў з аўтобуса на нэўтральнай паласе паміж краінамі. Праз некалькі гадзін ён вярнуўся на тэрыторыю Беларусі. Пазьней зьявілася інфармацыя, што, імаверна, яго адправілі ў глыбоцкую калёнію, але афіцыйнага пацьвярджэньня гэтаму няма.
«Ёсьць важкія падставы меркаваць, што Статкевіч зьяўляецца ахвярай гвалтоўнага зьнікненьня і адвольнага затрыманьня. Мы заклікаем Беларусь даць інфармацыю пра ягоны лёс і месцазнаходжаньне, а таксама пра стан ягонага здароўя», — заявілі экспэрты ААН.
«Спроба выправаджэньня Мікалая Статкевіча зь ягонай краіны парушае артыкул 12 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаванага Беларусьсю 12 лістапада 1973 года. Таксама нельга выключаць, што мы маем справу з магчымым злачынствам паводле міжнароднага права», — заявілі экспэрты ААН.
Акрамя гэтага, яны нагадалі аб маючым адбыцца звароце Літоўскай Рэспублікі ў Міжнародны крымінальны суд у сувязі з меркаванымі злачынствамі супраць чалавечнасьці ў выглядзе дэпартацыі і перасьледу паводле палітычных матываў, якія зьдзяйсьняюцца беларускімі ўладамі з 2020 года.
Група незалежных экспэртаў у сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі была створаная Радай па правах чалавека ААН 4 красавіка 2024 года «на аднаўляемы пэрыяд у адзін год» для расьсьледаваньня і выяўленьня фактаў, абставін і карэнных прычын усіх меркаваных парушэньняў і ўшчамленьняў правоў чалавека і парушэньняў, учыненых у Беларусі з 1 траўня 2020 года, уключаючы іх гендэрная і ўзроставыя аспэкты і іх узьдзеяньне на ахвяр і ахвяр.
Склад групы быў вызначаны ў чэрвені 2024 года. У яе ўвайшлі дырэктар Міжнароднага праекта па правах жанчын Сьюзан Базыльлі (Канада), загадчыца катэдры крыміналёгіі юрыдычнага факультэта Варшаўскага ўнівэрсытэта Маніка Станіслава Платэк (Польшча) і юрыст-праваабаронца Карына Маскаленка (Расея; кіраўніца групы).
Мікалай Статкевіч быў затрыманы напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года і пасьля асуджаны да 14 гадоў пазбаўленьня волі.
Аляксандар Лукашэнка на нарадзе 17 верасьня выказаўся пра сытуацыю з палітзьняволеным Мікалаем Статкевічам, які адмовіўся ад прымусовай высылкі зь Беларусі. Лукашэнка сказаў, што прыняў рашэньне вызваліць Статкевіча і выслаць яго за мяжу, бо той быў у цяжкім стане.
Аднак, паводле Лукашэнкі, калі Статкевіч адмовіўся пакінуць Беларусь, апазыцыйнаму палітыку сказалі, што ён тады «пойдзе ў турму». «Добра, забралі яго», — дадаў Лукашэнка.
Раней жонка Статкевіча Марына Адамовіч наведала калёнію ў Глыбокім, каб атрымаць інфармацыю аб месцы знаходжаньня мужа.
«У Глыбокім адмаўляюцца пацьвердзіць, што Мікола Статкевіч у іх. Была на асабістым прыёме», — напісала Марына Адамовіч на сваёй старонцы ў Facebook.
Як вынікае з гэтага допісу, у калёніі паабяцалі надаць адказ на яе зварот у пісьмовым выглядзе цягам 15 дзён.
Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінэта Беларусі Вольга Зазулінская зьвярнулася да міжнароднай супольнасьці з заклікам прыкласьці ўсе намаганьні дзеля атрыманьня афіцыйнай інфармацыі пра лёс і месцазнаходжаньне Статкевіча.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марына Адамовіч наведала калёнію ў Глыбокім, але там адмовіліся пацьвердзіць, што Статкевіч у іх- Міколу Статкевіча вызвалілі з турмы 11 верасьня 2025 году ў рамках палітычнай угоды, згодна з якой 52 зьняволеныя выйшлі на волю ў абмен на зьняцьце санкцыяў ЗША зь беларускага дзяржаўнага авіяперавозьніка «Белавія».
- Пры гэтым улады Беларусі спрабавалі прымусіць усю групу пакінуць Беларусь, даставіўшы 52 чалавекі да літоўскай мяжы. Аднак Статкевіч адмовіўся пераходзіць мяжу, заявіўшы: «Я буду працягваць змагацца!», перш чым вырвацца з аўтобуса, у якім яго перавозілі разам зь іншымі былымі зьняволенымі, у нэўтральнай зоне.
- Запісы з камэраў відэаназіраньня паказваюць, што яго зноў затрымалі людзі ў масках, якія падышлі зь беларускага боку.
- Афіцыйнага пацьверджаньня месца знаходжаньня Статкевіча ўлады не далі.