У Беларусі працягвае працаваць кожны пяты пэнсіянэр

Ілюстрацыйнае фота

Колькасьць працоўных пэнсіянэраў з пачатку 2025 году вырасла на 15 тысмяч чалавек.

З агульнай колькасьці пэнсіянэраў у краіне, якая складае 2,4 млн. чалавек, 472 тыс. працягваюць працаваць. Пра гэта паведаміла намесьніца міністра працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка, піша БелТА.

Яна адзначыла, што колькасьць працоўных пэнсіянэраў з пачатку гэтага году павялічылася на 15 тысяч. Гэта стала наступствамі ў тым ліку прыняцьця ўказу, які зьняў абмежаваньні ў выплаце пэнсіі працоўным пэнсіянэрам.

Наймальнікі дастаткова зацікаўленыя ў людзях старэйшага ўзросту як значным і каштоўным рэсурсе, адзначыла намесьніца міністра. Таму ў закон аб занятасьці ўнесьлі зьмяненьні, якія накіраваныя на падтрымку ў сфэры занятасьці грамадзян за пяць гадоў да дасягненьня агульнаўстаноўленага пэнсійнага ўзросту.

Размова пра такія захады, як захаваньне для беспрацоўных гэтай катэгорыі выплаты дапамогі па беспрацоўі на працягу шасьці месяцаў (для іншых катэгорый беспрацоўных гэты пэрыяд скарочаны), працаўладкаваньне ў лік устаноўленай наймальнікам броні, поўнае або частковае кампэнсаваньне наймальнікам выдаткаў на прафэсійную падрыхтоўку і перападрыхтоўку, павышэньне кваліфікацыі.

Расходы на выплату пэнсій у Беларусі штогод складаюць каля 9% ВУП. У 2025 годзе, напрыклад, на выплату пэнсій накіруюць амаль 26 млрд. рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі мяняюць парадак атрыманьня пэнсіяў, у тым ліку для зьняволеных пэнсіянэраў