Польшча адкрыла мяжу зь Беларусьсю, якая была закрытая з 12 верасьня

Ілюстрацыйнае фота

Першыя машыны пачалі праходзіць мяжу і перасякаць яе. Вярнуліся і чэргі.

У ноч на 25 верасьня Польшча зноў адкрыла мяжу зь Беларусьсю. Адпаведна, пачалі працу беларускія і польскія памежнікі і мытнікі.

23 верасьня міністар унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кервіньскі падпісаў распараджэньне пра вяртаньне памежнага руху паміж Польшчай і Беларусьсю. Пра гэта раней папярэдзіў прэм’ер-міністар краіны Дональд Туск.

Аднаўленьне памежнага руху вернутае ў абодвух напрамках — на выезьдзе з Польшчы ў Беларусь і наадварот. Гэта тычыцца як аўтамабільнага транспарту, так і грузавых цягнікоў.

Легкавыя аўтамабілі вярнуліся на памежны пераход Тэрэспаль-Берасьце, а грузавікі — на памежны пераход Кукурыкі-Казловічы.

Адкрытыя чыгуначныя памежныя пераходы для грузавых перавозак: Кузьніца Беластоцкая — Горадня, Семяноўка — Сьвіслач і Тэрэспаль — Берасьце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адказаць шчыра»? Былы пасол Польшчы пра спосаб паўплываць на Лукашэнку

Афіцыйная Варшава пайшла на адкрыцьцё мяжы пасьля таго як на перамовы прылятаў міністар замежных спраў Кітаю Ван І. Ён сустракаўся з сваім калегам Радаславам Сікорскім. Таксама польская дэлегацыя наведала Менск.

На мяжу вярнуліся і чэргі. Паводле зьвестак Дзяржаўнага памежнага камітэту, у чарзе на выезд зь Беларусі ў Берасьці стаяць ужо 2946 аўтамабіляў і 45 аўтобусаў. У Казловічах афармленьня чакаюць 990 грузавікоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не зьдзіўлюся, калі ў першыя хвіліны працы праз зноў адкрыты памежны пераход пройдзе нехта з палітвязьняў», — палітоляг Тышкевіч