Гэтая сытуацыя выклікала розгалас у сацыяльных сетках. Прапануем вашай увазе некаторыя меркаваньні.
Былы сьпікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў:
«Я шмат дзе не пагаджаюся з тым, што робіць Святлана Ціханоўская. Неаднаразова і публічна, і ў непублічных сытуацыях крытыкаваў і спрачаўся і зь ёй пэрсанальна, і зь сябрамі яе каманды.
Але ж такіх адносінаў, як сёньня дэманстраваў да яе Сяргей Ціханоўскі, яна ніяк не заслугоўвае. Ні як лідэр, ні як чалавек, ні як жанчына.
Публічныя выбачэньні — гэта мінімум, што тут трэба зрабіць».
Сузаснавальнік Беларускага свабоднага тэатру, рэжысэр, драматург Мікалай Халезін:
«...хочацца схаваць вочы ад надзвычайнага палітычнага аналізу: „Гэта ж ня Fox News. Fox News — вось гэта канал, які глядзіць Дональд Трамп, і яму будзе прыемна ўбачыць Сьвятлану Георгіеўну на Fox News і вызваліць нашых хлопцаў.“.
Як я разумею, менавіта такі ўзровень палітычнага аналізу цяпер будзе дамінаваць у Офісе».
Халезіну ў камэнтарах запярэчыў беларус з ЗША пад нікам Steve Bell:
«Я не зразумеў аўтара. Што, на вашую думку, трэба было кінуць заплянаваную сустрэчу зь беларусамі і ўцякаць на СNN?
Потым, калі зараз не падгульваць Дональду [Трампу], дык можна страціць і ўгоду па вызваленьні [палітвязьняў]. Хіба кампраміс — гэта ня плата за вынік? Гэта і ёсьць палітыка. Усе разумеюць, што лепш за ўсё быць і зь беларусамі, і на інтэрвію з CNN і Fox News. Але так не бывае. Трэба выбіраць.
Па-мойму, выбар быў годным».
Кіраўнік фонду ByHelp Аляксей Лявончык:
«Два разы перагледзеў і застаўся пры першым уражаньні. Ісьці на CNN ці не ісьці — гэта была ня спрэчка. Гэта было спроба Сяргея публічна паставіць жонку на месца і паказаць, хто тут галоўны (ці лічыць сябе галоўным)».
Пісьменьнік і публіцыст Севярын Квяткоўскі:
«Унутраны голас мне падказвае, што зусім бяскрыўдна гэта ня скончыцца.
У 2020 і сапраўды галасавалі не за Сьвятлану, а супраць узурпатара. Але пасьля Сьвятлана ўсё болей і болей набірала суб’ектнасці. І цяпер крэдыт даверу ёсьць толькі ў яе.
І палітычна паслаць мужа, якога пяць гадоў катавалі па адзіночках, таксама немагчыма па этычных меркаваньнях.
Нявыкрутка. Пакуль».
Рэжысэрка і фатографка Ксенія Галубовіч:
«Больш за ўсё не люблю хамства і празьмерную эмацыйнасць на публіку. Ціханоўскі паставіў крыж на сабе, як палітыку. Сур’ёзныя людзі ніколі не будуць давяраць чалавеку, які абсалютна непрадказальны.
Калі ў палітыцы няма дыпляматыі і стратэгіі — гэта не палітыка.
Але зьдзівілі і людзі на той сустрэчы, якія яго не спынілі і нічога не сказалі. Нават шкада, што мяне там не было».
Блогер Сяргей Бяспалаў:
«Па-першае, ня варта зьвядваць усё да асабістага канфлікту ці „барацьбы за ўплыў“. Сяргей Ціханоўскі прайшоў праз амаль пяць гадоў турмы, жорсткія ўмовы, поўнае адарваньне ад інфармацыйнай прасторы. Цяпер ён вяртаецца ў публічнае жыцьцё — і гэта няпросты працэс, у якім памылкі непазьбежныя. Але ў аснове яго дзеяньняў няма ні жаданьня „дамінаваць“, ні імкненьня „падрываць каманду“. Там ёсьць шчырасьць, прамата і характар, якія ён паказаў яшчэ ў 2020 годзе.
Па-другое, размовы пра тое, што „рэпутацыйныя страты для Сьвятланы непазьбежныя“, выглядаюць відавочна перабольшанымі. І ў Сяргея, і ў Сьвятланы ёсьць уласны стыль. Яны розныя — і менавіта ў гэтым іхная сіла. Розныя галасы лепш адлюстроўваюць разнастайнасьць беларускага грамадзтва і даюць магчымасьць шукаць балянс, а ня зводзіць усё да адной „правільнай лініі“.
Так, Сяргей часам гучыць вельмі рэзка. Часам можа падацца, што нешта сказана не ў тым фармаце. Але менавіта гэтая прамата зрабіла ягоны голас у 2020 годзе такім моцным і блізкім сотням тысяч беларусаў. Гэта якасьць нікуды не зьнікла. І яна можа быць рэсурсам — калі накіраваць яе ў правільнае рэчышча.
Не забывайце: у Драздах цяпер уважліва сочаць за кожнай нашай спрэчкай і толькі паціраюць рукі, калі бачаць раскол і слабасьць. Усё гэта ім на карысьць. І таму дэмакратычнаму супольніцтву патрэбныя ня ўзаемныя папрокі, а ўменьне працаваць разам дзеля агульнай мэты — вольнай Беларусі.
Сяргей пачынае новы этап свайго жыцьця. Давайце дамо яму прастору для пошуку сябе. І падтрымаем, а ня будзем загадзя ставіць крыж».