У Эўрапарлямэнце віталі Бяляцкага з днём народзінаў: «Мужнасьць за кратамі, надзея для Беларусі»

Алесь Бяляцкі, архіўнае фота

З заявай з нагоды дня нараджэньня Алеся Бяляцкага выступілі эўрадэпутаты Малгажата Гасеўская, старшыня Дэлегацыі Эўрапарлямэнта па сувязях з Беларусьсю і яе намесьнікі Томас Тобэ і Міхал Кабоска.

Заява дэпутатаў Эўрапарлямэнту мае назву «Мужнасьць за кратамі, надзея для Беларусі». У ёй Алеся Бяляцкага называюць чалавекам, чыё жыцьцё ўвасабляе мужнасьць, стойкасьць і нязьменную адданасьць справе свабоды і чалавечай годнасьці. Алесю Бяляцкаму сёньня споўнілася 63 года, ён сустрэў іх за кратамі.

«Больш за чатыры дзесяцігодзьдзі Алесь Бяляцкі знаходзіцца на пярэднім краі барацьбы Беларусі за дэмакратыю, натхняючы не толькі сваіх суайчыньнікаў, але і незьлічоных людзей па ўсёй Эўропе і ва ўсім сьвеце.

Калі ў 1990-х гадах у Беларусі ўзмацнілася дыктатура, Алесь Бяляцкі адмовіўся маўчаць. У адказ на жорсткія рэпрэсіі супраць мірных дэманстрантаў ён заснаваў Праваабарончы цэнтар „Вясна“ для падтрымкі палітычных зьняволеных і іх сем’яў. Тое, што пачалося як акт салідарнасьці ў цёмны момант, перарасло ў адну з вядучых праваабарончых арганізацый, якая дакумэнтуе злоўжываньні, катаваньні і парушэньні, учыненыя ўладамі».

Дэпутаты Эўрапарлямэнту нагадваюць, што рэжым у Беларусі неаднаразова спрабаваў прымусіць Бяляцкага замаўчаць, што ў 2011 годзе ён быў зьняволены па сфальсыфікаваных абвінавачваньнях, а ў 2021 годзе, пасьля масавых пратэстаў супраць сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў, ён быў зноў арыштаваны і дагэтуль застаецца несправядліва зьняволеным.

«Алесь Бяляцкі — адзін з пяці ляўрэатаў у гісторыі, якія атрымалі Нобэлеўскую прэмію міру, знаходзячыся ў зьняволеньні, за сваю законную актыўнасьць і барацьбу за дэмакратыю і правы чалавека».

Дэпутаты згадваюць, што папраўчая калёніі № 9 у Горках Магілёўскай вобласьці, дзе адбывае пакараньне Бяляцкі, вядомая сваім надзвычай жорсткім рэжымам, і няма пацьверджаньня яго цяперашняга стану здароўя.

Эўрапарлямэнт шмат гадоў пасьлядоўна патрабуе вызваленьня Бяляцкага, асуджае рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці і выказвае салідарнасьць з усімі палітычнымі зьняволенымі ў Беларусі.

«У гэты дзень мы з поўнай рашучасьцю паўтараем гэты заклік. Мы патрабуем неадкладнага і безумоўнага вызваленьня Алеся Бяляцкага, а таксама ўсіх іншых палітычных зьняволеных. Працяглы перасьлед, бесчалавечнае абыходжаньне і заглушэньне дэмакратычных галасоў Беларусі непрымальныя.

Алесь Бяляцкі ня можа сёньня адзначыць свой дзень нараджэньня ў асяродзьдзі сямʼі і сяброў. Але ён не адзін. Яго мужнасьць, годнасьць і рашучасьць працягваюць натхняць усіх нас, і мы абяцаем працягваць яго барацьбу — да таго дня, пакуль Беларусь не верне сваю свабоду», — гаворыцца ў заяве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алесь Бяляцкі перанёс у зьняволеньні апэрацыю. Сёньня ў яго дзень народзінаў

25 верасьня ў падкамітэце Эўрапейскага парлямэнта па правах чалавека адбылася дыскусія «Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі праз пяць гадоў пасьля сфальсыфікаваных выбараў 2020 года».

Сустрэча была арганізаваная Дэлегацыяй па сувязях з Беларусьсю пад старшынствам Малгажаты Гасеўскай.

Сярод іншых на ёй выступіў беларускі праваабаронца Леанід Судаленка, які заклікаў:

«Не забывацца пра Беларусь і не дазваляць рэжыму Лукашэнкі вяртацца да „звычайнага“ дыялёгу з міжнароднай супольнасьцю, пакуль працягваюцца рэпрэсіі, падтрымліваць палітвязьняў і іхнія семʼі, каб яны ведалі: Эўропа памятае пра кожнага з іх, умацоўваць грамадзянскую супольнасьць у выгнаньні — праваабаронцаў, журналістаў, дэмакратычныя ініцыятывы. Сёньня гэта адзіны голас свабоднай Беларусі!»

  • 25 верасьня Алесю Бяляцкаму споўнілася 63 гады. Пяты раз пасьля апошняга арышту і суду над ім Бяляцкі сустракае дзень народзінаў за кратамі.
  • Як стала вядома Свабодзе, зьняволенага нобэлеўскага ляўрэата гэтым летам вазілі на апэрацыю ў турэмны шпіталь у Калядзічах пад Менскам.
  • Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру праваабаронца Алесь Бяляцкі ў зьняволеньні зь ліпеня 2021 году, ён адбывае пакараньне ў калёніі № 9 у Горках Магілёўскай вобласьці. Алесь асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бяляцкі — зорка на небасхіле Беларусі», — сьпікер Сейма Літвы адкрыў выставу пра зьняволенага нобэлеўскага ляўрэата. ФОТА

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
  • Адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.