«Хачу вас, спадар Гросі, падзякаваць за тое, што вы былі сапраўдным мужыком, сапраўдным чалавекам. Наша станцыя, вы памятаеце, была сур’ёзна палітызаваная. І ня там будуем, і ня тое будуем, і амэрыканцы супраць, а эўрапейцы ўвогуле былі ў шаленстве. Вы шмат разоў былі на гэтай станцыі. Але вы адкрыта перад журналістамі казалі: „Не нападайце на Беларусь, яны будуць з расейцамі самую прасунутую станцыю, пытаньняў няма“», — працытавала БелТА Аляксандра Лукашэнку зь яго выступу на Глябальным атамным форуме ў Маскве.
Ён дадаў, што Гросі ніколі «не падстаўляў» Беларусь і Расею і не прымушаў гэтыя краіны апраўдвацца. Лукашэнка адзначыў, што гатовы быў бы падтрымаць ягоную кандыдатуру на пасаду генэральнага сакратара ААН, калі б той вылучыў сваю кандыдатуру.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі хочуць разам з сховішчам для радыеактыўных адкідаў пабудаваць комплекс па іх перапрацоўцыПра супрацу з «Расатамам»
Лукашэнка таксама падзякаваў і расейскаму прэзыдэнту Ўладзіміру Пуціну за будаўніцтва БелАЭС і прапанаваў Расеі дапамогу беларускіх спэцыялістаў у праектах па будаўніцтве атамных станцый у іншых краінах.
«Дзякуй за навуку, дзякуй, што вы зрабілі нашу краіну па-сапраўднаму ядзернай дзяржавай. На шкадуючы ніякіх сакрэтаў, выконваючы міжнароднае права, прынцыпы. Гатовы дзейнічаць і далей, ня толькі ў Беларусі, але і на міжнароднай арэне, дапамагаючы будаваць станцыі», — сказаў Лукашэнка.
Ён прапанаваў кіраўніцтву «Расатаму» вярнуцца да праекту аб разьвіцьці ядзернага цэнтру ў Беларусі, а таксама прадоўжыць супрацу ў іншых кірунках, у тым ліку ў галіне аховы здароўя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ўзнагародзіў 40 чалавек за ўнёсак у будаўніцтва БелАЭС. Пляцоўку прызналі небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзеПерад пачаткам форуму паціснуў руку Пашыньяну
Праўладны Telegram-канал «Пул первого» апублікаваў фатаздымак, на якім перад пачаткам форуму Лукашэнка паціснуў руку прэм’ер-міністру Армэніі Ніколу Пашыньяну, які з чэрвеня 2024 году ня толькі не кантактаваў зь ім, але і заявіў, што ні ён, ні які-небудзь іншы афіцыйны прадстаўнік краіны не паедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе ў Менску знаходзіцца Лукашэнка, такім чынам ён адрэагаваў на заявы Менску аб падтрымцы Азэрбайджану ў карабахскім канфлікце.
На форуме Лукашэнка наўпрост зьвярнуўся да Пашыньяна з прапановай пабудаваць АЭС у Армэніі.
«Так, Нікол Ваваевіч, калі патрэбна, зьвяртайцеся. Калі прэзыдэнт [Расеі] ухваліць, мы гатовыя пачаць», — сказаў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зьняў з пасады амбасадара ў Армэніі пасьля абвастрэньня адносінаў паміж Менскам і Ерэванам