З Грэцыі ў Кішынёў экстрадавалі скандальнага малдоўскага алігарха. Яго абвінавачваюць у адмываньні грошай

Уладзіміра Плахатнюка суправаджаюць да мікрааўтобуса, каб адвезьці з аэрапорту ў калёнію. Кішынёў, 25 верасьня 2025

Колішні лідэр Дэмакратычнай партыі Ўладзімір Плахатнюк выехаў з Малдовы летам 2019 году, калі ў Кішынёве зьмяніўся ўрад. Пэўны час ён жыў у ЗША, потым у Турэччыне, а пасьля, паводле неафіцыйнай інфармацыі, на Паўночным Кіпры.

З Грэцыі ў Малдову экстрадавалі колішняга лідэра Дэмакратычнай партыі Малдовы, алігарха Ўладзіміра Плахатнюка, затрыманага ў ліпені ў Атэнах, паведаміла Малдоўская служба Радыё Свабода.

У Рэспубліцы Малдове Плахатнюка судзяць завочна ў межах адной з справаў, зьвязаных з «крадзяжом мільярда» з трох малдоўскіх банкаў у 2014 годзе. Акрамя махлярства і адмываньня грошай, яго абвінавачваюць у стварэньні і кіраўніцтве злачыннай арганізацыяй, празь якую ён нібыта атрымаў грошы, выкрадзеныя з Banca de Economii, Unibank і Banca Socială.

Прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду заявіла, што «нават злачынцы, якія здаваліся непераможнымі, апынуцца перад правасудзьдзем».

Прэм’ер-міністар Дорын Рэчан адзначыў, што Плахатнюк «застанецца злачынцам, які падпарадкаваў дзяржаўныя інстытуты і бюджэт асабістым і клянавым інтарэсам».

«Правасудзьдзе нясе адказнасьць за справядлівае абыходжаньне з усімі злачынцамі», — сказаў прэмʼер-міністр.

Колішні прэзыдэнт Малдовы Ігар Дадон заявіў, што краіна даўно чакала вяртаньня Плахатнюка. «Ён вярнуўся, паглядзім, што будзе далей», — сказаў Дадон.

Уладзімір Плахатнюк можа выступіць галоўным сьведкам у справе супраць Дадона, у якой яго падазраюць у дзяржаўнай здрадзе, палітычнай карупцыі, незаконным узбагачэньні і незаконным фінансаваньні Сацыялістычнай партыі. Менавіта Плахатнюк адправіў Ігару Дадону чорны пакет, у якім, на думку пракурораў, былі грошы ў памеры ад 600 000 да аднаго мільёна даляраў.

Колішні лідэр Дэмакратычнай партыі Ўладзімір Плахатнюк выехаў з Малдовы летам 2019 году, калі ў Кішынёве зьмяніўся ўрад. Пэўны час ён жыў у ЗША, потым у Турэччыне, а пасьля, паводле неафіцыйнай інфармацыі, на Паўночным Кіпры.

Уладзімір Плахатнюк быў дэпутатам парлямэнту Малдовы двух скліканьняў і першым віцэ-старшынём парлямэнту. Яго называюць найбагацейшым чалавекам у Малдове, а таксама самай уплывовай фігурай у краіне ў 2010-х гадах.

Палітычная кар’ера Плахатнюка завяршылася ў чэрвені 2019 году, калі ў выніку палітычнага крызісу ўрад Паўла Філіпа пайшоў у адстаўку. Паводле малдоўскіх СМІ, Плахатнюк і Філіп маглі мець дачыненьне да найбуйнейшага ў гісторыі Малдовы крадзяжу грошай — зьнікненьня зь некалькіх малдаўскіх банкаў грошай агульнай сумай прыкладна ў мільярд даляраў.

Цяпер у Малдове завяршаецца выбарчая кампанія — 28 верасьня адбудуцца парлямэнцкія выбары.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беднасьць стымулюе антызаходнія настроі перад вырашальнымі выбарамі ў Малдове