Аднак беднасьць, шырока распаўсюджаная у краіне, зрабіла яе ўразьлівай да прапагандысцкіх пасылаў, пішуць міжнародны карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Рэй Фурлонг і Малдоўская служба Радыё Свабода.
Крыстына Круду глядзіць на свае яблыні і шкадуе, што яе бізнэс можа неўзабаве збанкрутаваць ад эканамічных цяжкасьцяў, якія зазнае Малдова пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ў суседнюю Ўкраіну. Малдова застаецца шчыльна зьвязаная зь сельскай гаспадаркай, больш як чвэрць яе насельніцтва занятая на палях, вінаградніках і ў садах.
У парлямэнцкай кампаніі, а чарговыя выбары адбудуцца 28 верасьня, яна служыць урадлівай глебай для антызаходніх наратываў, якія распаўсюджвае ў інтэрнэце Крэмль, — празь вельмі пашыраную рэальную беднасьць.
«Мы ня можам экспартаваць у Эўрапейскі Зьвяз, бо ня маем сэртыфікатаў, якія яны патрабуюць. Было значна прасьцей экспартаваць у Расею», — сказала Круду Малдоўскай службе Радыё Свабода.
Яна каля 20 гадоў працуе садаводам у раёне Дандушэнь, менш чым за 25 кілямэтраў ад украінскай мяжы. Цяпер яна з цяжкасьцю адаптуецца да сур’ёзных перабояў у гандлі з Расеяй, якія пачаліся ў 2022 годзе.
«Мы нават ня можам пакрыць выдаткі на збор садавіны», — сказала яна, дадаўшы, што будзе галасаваць за апазыцыйных сацыялістаў, якія ўваходзяць у кааліцыю «Патрыятычны выбарчы блёк», што кідае выклік празаходняму ўраду Малдовы.
Сацыялістаў узначальвае Ігар Дадон, былы прэзыдэнт Малдовы, які даўно падтрымлівае шчыльныя сувязі з Масквой. Ён называе цяперашні дэмакратычна абраны ўрад «злачынным рэжымам». Круду спадзяецца, што Дадон зможа забясьпечыць лепшыя цэны на яе ўраджай. «Калі пасьля выбараў нічога ня зьменіцца, мы высечам сад — і ўсё», — сказала яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расьсьледаваньне: таемная сетка, якую фінансуе Расея, спрабуе сарваць выбары ў МалдовеВайна за дзьвярыма
Яе пазыцыя далёка не ўнікальная. Рашэньне Масквы ўвесьці свае танкі ва Ўкраіну моцна ўдарыла па Малдове, ня толькі парушыўшы гандаль, але і падвысіўшы цэны на энэрганосьбіты і справакаваўшы рэзкі рэзкі рост інфляцыі. Афіцыйная статыстыка сьведчыць, што ў 2024 годзе 33,6 працэнта малдаванаў жылі за рысай беднасьці (да вайны — 24,5 працэнта).
Інфляцыя ў 2022 годзе пасьля поўнамаштабнага ўварваньня дасягнула прыблізна 35 працэнтаў, хоць на жнівень 2025 года яна зьнізілася да 7,32 працэнта, паводле зьвестак Нацыянальнага банку.
Эканоміка Малдовы пасьля глыбокага спаду ў 2022 годзе і невялікага аднаўленьня ў 2023 годзе вырасла ў 2024 годзе толькі на 0,1 працэнта. Краіне з насельніцтвам 2,4 мільёна чалавек таксама давялося прыняць больш за 130 000 украінскіх уцекачоў.
Ня ўсе выбарнікі паверылі ў абяцанкі апазыцыі. Некаторыя зусім апусьцілі рукі.
«Я галасую столькі гадоў, часам за аднаго, часам за другога, заўсёды спадзеючыся, што будзе лепш. Але так ніколі не было», — сказала 75-гадовая Маргарэта Пыслэ ў інтэрвію Радыё Свабода.
Сацыяльная работніца Маргарэта Пыслэ гаворыць з Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода ў сваёй роднай вёсцы Кушэлэўка ў паўночна-ўсходняй Малдове
Нягледзячы на тое, што яна на пэнсіі, Маргарэта надалей працуе сацыяльнай работніцай у дзьвюх вёсках, разьмешчаных за дзьве гадзіны язды на паўднёвы ўсход ад садоў Круду. Яе штомесячная пэнсія ў памеры 150 даляраў ЗША ледзь пакрывае камунальныя платы, сказала яна, пры тым што за апошнія чатыры гады яна вырасла прыкладна на 80 працэнтаў.
«Я ня думаю, што буду яшчэ галасаваць, усё роўна нічога ня зьменіцца», — дадала яна.
Сапраўдныя эканамічныя праблемы — гэта фон для ўсё больш жорсткай выбарчай кампаніі. Урад папярэджвае, што Масква адыгрывае ў гэтых выбарах падступную ролю праз дэзынфармацыйныя кампаніі ў сацыяльных сетках і незаконныя спробы подкупу галасоў.
22 верасьня ў некалькіх мясцовасьцях па ўсёй краіне паліцыя правяла рэйды, нацэленыя на тое, што яна назвала «рыхтаваньнем масавых беспарадкаў і дэстабілізацыі, каардынаваных з Расейскай Фэдэрацыі праз злачынныя элемэнты».
Крэмль ня раз абвінавачваў Малдову ў «антырасейскай гістэрыі» і адмаўляў сваё ўмяшаньне ў кампанію, якую прэзыдэнт Мая Санду назвала «найбольш значнымі выбарамі» ў гісторыі сваёй краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паліцыя Малдовы правяла сотні ператрусаў пасьля расьсьледаваньня ўмяшаньня Крамля ў парлямэнцкія выбарыНадзеі на эўрапейскую будучыню
Эканамічныя праблемы Малдовы зьвязаныя ня толькі з вайной ва Ўкраіне. Насельніцтва Малдовы, якая доўгі час была адной з найбяднейшых краін Эўропы, скарачаецца з моманту краху камунізму, бо людзі перабіраюцца ў ЭЗ і іншыя краіны ў пошуках працы. На папярэдніх выбарах каля мільёна эмігрантаў адыгралі ключавую ролю ў галасаваньні за празаходнія сілы і могуць зрабіць гэта і гэтым разам. Тымчасам урад настойвае, што яго намаганьні ў кірунку эўрапейскай інтэграцыі прынясуць плён, калі выбарнікі яго падтрымаюць.
«Толькі што мы з Эўрапейскім Зьвязам падпісалі плян росту на 1,9 мільярда эўра на наступныя тры гады», — заявіў Марчэл Спатар, кандыдат ад партыі прэзыдэнта Маі Санду PAS, на нядаўніх перадвыбарчых дэбатах, арганізаваных Малдоўскай службай Радыё Свабода.
Ён сказаў, што пагадненьне запэўніць «тысячы кілямэтраў адрамантаваных дарог, будаўніцтва тэрміналаў для міжнароднага гандлю, мастоў цераз раку Прут і завяршэньне інвэстыцыяў у электрасеткі, злучаныя з Румыніяй».
Гэты пасыл некаторыя выбарнікі ўспрымаюць з энтузіязмам. У раёне Леова, разьмешчаным на мяжы з Румыніяй на паўднёвым захадзе Малдовы, 34-гадовая Крыстына Бэжэрану разам з мужам Думітру мае 400 гэктараў збожжавых і сланечнікавых палёў.
«Я веру ў эўрапейскую будучыню Малдовы і перакананая, што гэта адзіны шлях, які можа прывесьці нас да дабрабыту і неяк забясьпечыць мір у нашай краіне», — сказала яна ў інтэрвію Радыё Свабода.
Крыстына Бэжэрану і яе муж Думітру на іхнай фэрме ў раёне Леова, паўднёвы захад Малдовы
Бэжэрану не прыхоўвае эканамічных праблемаў краіны. Яна бачыць празаходні шлях Малдовы як канчатковае іх разьвязаньне.
«Як фэрмэрам, нам патрэбна працоўная сіла, але ў вёсках амаль не засталося людзей. Калі б у нашых вёсках былі вада, каналізацыя і добрыя дарогі, як у Эўропе, ці зьяжджалі б людзі? Я ня думаю, — сказала яна. —Менавіта пра гэта мы будзем думаць, калі будзем галасаваць — наблізіць Эўропу да нашага дому».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра меркаванага агента КДБ Беларусі малдаўскага палкоўніка Аляксандру Балана, затрыманага ў Румыніі