Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскае войска атрымала права хутчэй зьбіваць небясьпечныя дроны


Дрон, які заляцеў у Літву церазь Беларусь 28 ліпеня
Дрон, які заляцеў у Літву церазь Беларусь 28 ліпеня

Парлямэнт Літвы аднагалосна ўхваліў папраўкі, якія дазваляюць вайскоўцам хутчэй і прасьцей нэўтралізаваць дроны, якія парушылі паветраную прастору краіны і могуць несьці пагрозу.

Гэтыя зьмены прынялі паводле спэцыяльнай тэрміновай працэдуры, якая прымяняецца ў выпадках, калі трэба «неадкладна забясьпечыць жыцьцёва важныя інтарэсы грамадзтва і дзяржавы», перадае LRT з спасылкай на BNS.

Раней вайскоўцы мелі права ўжываць сілу толькі супраць бесьпілётнікаў, якія выкарыстоўваліся як зброя. Цяпер можна зьбіваць і тыя дроны, што проста парушылі паветраную прастору ў забароненых або абмежаваных зонах.

Камандзір літоўскага войска атрымаў паўнамоцтвы апэратыўна ўводзіць абмежаваньні для палётаў, каб хутка рэагаваць на пагрозы.

Пасьля ўвядзеньня гэтых абмежаваньняў усе грамадзянскія самалёты павінны будуць пакінуць забароненую зону цягам 10 хвілінаў.

Усіх пілётаў таксама абавязалі выкарыстоўваць радыёсувязь і транспондэр падчас палётаў у некантраляванай паветранай прасторы (якая не рэгулюецца дыспэтчарскай службай).

Гэтыя папраўкі былі падрыхтаваныя з улікам нядаўніх інцыдэнтаў, калі расейскія дроны ўварваліся ў паветраную прастору Літвы і іншых краін NATO.


Інцыдэнты з дронамі і авіяцыяй у рэгіёне

10 ліпеня, Літва. Расейскі дрон «Гербэра» ўпаў за кілямэтар ад мяжы зь Беларусьсю.

28 ліпеня, Літва: Неапазнаны дрон, які нёс 2 кг выбухоўкі, заляцеў зь Беларусі, праляцеў над Вільняй і быў знойдзены празь пяць дзён на вайсковым палігоне за 100 км ад беларускай мяжы.

19 жніўня, Польшча. Неапазнаны абʼект, імаверна, які прыляцеў з боку Беларусі, упаў і ўзарваўся на полі. Папярэдне, гэта быў расейскі дрон-«прынада» тыпу «Шахед».

26 жніўня, Эстонія. Фэрмэр знайшоў на полі абломкі ўдарнага дрона. Паліцыя мяркуе, што гэта быў украінскі дрон, які Расея зьбіла з курсу сродкамі радыёэлектроннай барацьбы.

7 верасьня, Эстонія. Верталёт Мі-8 без дазволу ўвайшоў у паветраную прастору Эстоніі над востравам Вайндло. Ён прабыў там каля чатырох хвілін, не выкарыстоўваючы сувязь і транспондэр.

10 верасьня, Польшча: Каля 20 расейскіх дронаў парушылі паветраную прастору Польшчу, у тым церазь беларускую мяжу. Некалькі бесьпілётнікаў зьбілі.

13 верасьня, Румынія. Расейскі дрон тыпу «Герань» 50 хвілін ляцеў над тэрыторыяй Румыніі, пасьля чаго павярнуў ва Ўкраіну.

19 верасьня, Эстонія: Тры расейскія зьнішчальнікі парушылі паветраную прастору Эстоніі над Балтыйскім морам і заставаліся ў ёй ня менш за 12 хвілін.

За мінулы тыдзень зьнішчальнікі NATO шэсьць разоў узьнімаліся для ідэнтыфікацыі расейскіх самалётаў, якія ляцелі ў міжнароднай паветранай прасторы без уключаных транспондэраў, радыёсувязі і папярэдніх плянаў палёту.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG