Выступаючы 23 верасьня падчас пасяджэньня 80-й Генэральнай асамблеі ААН, прэзыдэнт Польшчы Караль Наўроцкі зрабіў шэраг праграмных заяваў, піша Tvn24.pl. Ён нагадаў, што палякі падтрымалі Ўкраіну пасьля нападу Расеі:
«Расейскае ўварваньне ва Ўкраіну — гэта ня толькі самы сур’ёзны канфлікт з часоў Другой сусьветнай вайны. Гэта таксама паваротны момант. Існуючы міжнародны парадак разбураецца на нашых вачах. Зараз — паваротны момант, той час, калі рашэньні, прынятыя сёньня, будуць мець наступствы на дзесяцігодзьдзі наперад. Мы ўсе павінны ўсьведамляць гэта і мы ўсе нясем за гэта адказнасьць».
«Вось чаму цяпер, як супольнасьць дэмакратычных дзяржаў, мы павінны разглядаць цяперашнюю сытуацыю як поле бітвы за прынцыпы, выкананьне якіх можа вызначыць будучыню нашай цывілізацыі. Я лічу, што гэта апошні момант для канкрэтных дзеяньняў», — сказаў прэзыдэнт Польшчы.
Прэзыдэнт Наўроцкі падкрэсьліў, што Польшча, сузаснавальніца ААН, зьяўляецца дваццатай па велічыні эканомікай у сьвеце і краінай, якая за апошнія 30 гадоў ператварылася з краіны, што разьвіваецца, у разьвітую краіну, а таксама з цэнтралізавана плянаванай эканомікі ў рынкавую. Гэты ўнікальны досьвед дазваляе нам зрабіць значны ўнёсак у дыскусіі ААН па пытаньнях разьвіцьця, злучаючы пэрспэктывы глябальнага Ўсходу і Захаду, а таксама Поўначы і Поўдня.
«Улічваючы наш патэнцыял і досьвед, мы пасьлядоўна імкнемся ўдзельнічаць у працы G20 — фармату, які служыць мостам у гэтыя неспакойныя часы. Мы спадзяемся, што запрашэньне да супрацоўніцтва і ўдзелу ў наступным саміце G20, зробленае Злучанымі Штатамі, прывядзе да пастаяннай прысутнасьці Польшчы ў гэтай групе», — заявіў Наўроцкі.
Ён таксама падкрэсьліў неабходнасьць абароны правоў чалавека. Наўроцкі адзначыў, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі і іншых краінах усходняга суседзтва застаецца адным з прыярытэтаў Польшчы.
«Мы лічым Раду па правах чалавека галоўным органам па правах чалавека ў сыстэме Арганізацыі Абʼяднаных Нацый, які адыгрывае ключавую ролю ў падтрыманьні стандартаў абароны. Таму Польшча падала сваю кандыдатуру на сяброўства ў Радзе па правах чалавека на 2029-2031 гады», — сказаў Наўроцкі.
Форум