24 верасьня быў распаўсюджаны выніковы дакумэнт камісіі і рашэньне дырэктарату фонду.
«Камісія для ўнутранага разбору правяла ацэнку сытуацыі. Пытаньнямі, якія патрабуюць рашэньня камісіі, сталі: супрацоўніцтва Стрыжака з фондам BySol і ўнясеньне зьменаў у арганізацыйныя працэсы фонду BySol.
Падчас сваёй працы камісія зафіксавала 12 выпадкаў дзьвюх катэгорыяў (некаторыя адносяцца адразу да дзьвюх катэгорыяў). Зь іх: 7 у катэгорыі „адпраўка паведамленьняў непажаданага характару“, зь іх 5 у адносінах да атрымальніц дапамогі ад BySol; 7 у катэгорыі выкарыстаньня службовага становішча, зь іх 4 у адносінах да атрымальніц дапамогі ад BySol.
Спосабы вэрыфікацыі выпадкаў: вэрыфікацыя праз давераную асобу (Наста Базар — праваабаронца, фэміністка), праз СМІ (Euroradio), асабістыя размовы з пацярпелымі (8), асабістыя размовы са сьведкамі (5), супадзеньне фактаў у апавяданьнях розных людзей (2), перапіскі (1). Камісія ацэньвае выяўленыя выпадкі як сыстэматычныя», — гаворыца ў справаздачы.
Далей думкі камісіі, з аднаго боку, і дырэктарату і супрацоўнікаў фонду падзяліліся. Камісія выступіла за тое, каб цалкам спыніць супрацу са Стрыжаком. «Рашэньне камісіі наконт супрацоўніцтва А. Стрыжака з фондам BySol: поўнае спыненьне супрацоўніцтва, з адхіленьнем ад кіроўных, прадстаўнічых, мэнэджарскіх і ўстаноўчых функцыяў у фондзе А. Стрыжака. Рашэньне камісіі наконт унясеньня зьменаў у арганізацыйныя працэсы фонду BySol: працягнуць работу зь незалежнымі вонкавымі экспэртамі і эксперткамі стасоўна зьменаў у арганізацыйных працэсах, ажыцьцяўляць рэкамэндацыі», — гаворыцца ў справаздачы Камісіі.
Аднак заснавальнік фонду, якім ёсьць, паводле ранейшай інфармацыі, сам Стрыжак, як паведамляецца ў выніковым дакумэнце, не пагадзіўся з рэкамэндацыямі Камісіі, назваўшы іх «несправядлівымі, празьмернымі і непрапарцыйнымі». Ён ініцыяваў галасаваньне каманды фонду, дзьве траціны якой выказаліся за працяг працы са Стрыжаком.
Выніковая выснова дырэктарату фонду— Стрыжака можна пакінуць у фондзе, а заснавальніцтва BySol перадаць яго дырэктару Віталіюсу Моцкусу.
- Прымаючы да ўвагі рэкамэндацыі камісіі для ўнутранага разбору;
- улічваючы вынікі галасаваньня каманды і паважаючы розныя думкі;
- ацэньваючы ўнутраныя і вонкавыя рызыкі ўстойлівасьці арганізацыі; ставячы ў прыярытэт інтарэсы бэнэфіцыяраў і каманды, улічваючы яе важнасьць у прыняцьці рашэньняў і кіраваньні фондам;
- усьведамляючы важнасьць захаваньня міру, узаемнага даверу і добразычлівых адносін у камандзе,
уводзіцца часовы фармат супрацоўніцтва з А. Стрыжаком тэрмінам на 6 месяцаў: з 19 верасьня 2025 да 19 сакавіка 2026 году.
А. Стрыжак адхіляецца ад любых кіроўных, прадстаўнічых і заснавальніцкіх функцыяў у BySol — як фармальна ў юрыдычным полі, так і нефармальна ўнутры арганізацыі. Захаваньне гэтай умовы — зона адказнасьці ўсёй каманды. Абноўлены сьпіс службовых абавязкаў А. Стрыжака фармуецца да 25 верасьня 2025 году.
Усе публічныя заявы і ўзаемадзеяньне з прадуктамі Фонду ажыцьцяўляюцца Стрыжаком у якасьці асобы, якая афіцыйна не прадстаўляе арганізацыю. Ніводная заява або ўзаемадзеяньне названай асобы ў публічным полі ня ёсьць афіцыйнай пазыцыяй фонду, — гаворыцца ў распаўсюджанай заяве.
- Кіраўніка фонду BySol Андрэя Стрыжака абвінавацілі ў рассылцы беларускім актывісткам і праваабаронцам дыкпікаў (паводле вікіпэдыі дыкпік — гэта від так званага сэкстынгу, фатаграфія мужчынскага чэлеса, якую адпраўляюць файлам на мабільны тэлефон ці асабістым паведамленьнем у сацсетках).
Свабода атрымала пацьверджаньні ад дзьвюх жанчын, што яны таксама атрымлівалі дыкпікі ад кіраўніка фонду BySol. Стрыжак прызнаў, што інцыдэнты мелі месца, у сваім допісе ў Фэйсбуку.
23 ліпеня Андрэя Стрыжака часова адхілілі ад пасады кіраўніка фонду BySol. Фонд выступіў з заявай, у якой адзначыў, што 22 ліпеня пачаў унутранае расьсьледаваньне. У выніку разбору ў фондзе вырашаць, ці мэтазгодна працягваць супрацу з Андрэем Стрыжаком. - 24 ліпеня Андрэй Стрыжак расказаў у сацсетках пра сваю праблему з сэксуальнай залежнасьцю і абяцаў зьвярнуцца да спэцыялістаў