Сябра Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ад штату Тэнэсі Стыў Коэн, спэцыяльны прадстаўнік Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў пытаньні палітычных зьняволеных, пасьля зьняволеньня Аляксандрам Лукашэнкам яшчэ двух беларускіх журналістаў апублікаваў заяву.
«Лукашэнка спрабуе аднавіць сваю рэпутацыю, вызваляючы некаторых незаконна зьняволеных беларусаў у выгнаньне, адначасова запаўняючы беларускія турмы яшчэ большай колькасьцю журналістаў і дысыдэнтаў.
Пасьля вызваленьня вязьняў на пазамінулым тыдні ўлады Беларусі арыштавалі журналіста Кірылу Пазьняка і асудзілі журналіста Ігара Ільяша на чатыры гады пазбаўленьня волі паводле сфабрыкаваных абвінавачаньняў у экстрэмізьме і дыскрэдытацыі Беларусі.
Вязьні, якіх вызвалілі на пазамінулым тыдні, гадамі цярпелі ад фізычных і псыхалягічных катаваньняў, і Кірыла і Ігар, імаверна, будуць вымушаныя цярпець ад такой жа жорсткасьці. Лукашэнку трэба прымусіць заплаціць за тысячы жыцьцяў, якія ён абмяняў на ўладу», — гаворыцца ў заяве кангрэсмэна Стыва Коэна.
Справа Ігара Ільяша
Менскі гарадзкі суд 16 верасьня вынес Ігару Ільяшу вырак — 4 гады зьняволеньня, як і прасіў пракурор. Апрача таго, Ільяшу прысудзілі штраф у 100 базавых велічыняў (4200 рублёў).
Журналіста Ігара Ільяша затрымалі ў кастрычніку 2024 году і абвінавацілі ў «дыскрэдытацыі Беларусі» (арт. 369–1 Крымінальнага кодэксу) і «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 2 арт. 361–4 КК).
Працэс над Ігарам Ільяшом пачаўся 21 лютага 2025 ў Менскім гарадзкім судзе. У сакавіку суд аб’явіў перапынак у разглядзе крымінальнай справы і накіраваў публікацыі журналіста на псыхалінгвістычную экспэртызу. Суд адхіліў хадайніцтва Ільяша аб тым, каб экспэртыза праводзілася ў Дзяржаўным камітэце судовых экспэртызаў, і прызначыў экспэртам доктара філялягічных навук, загадчыка катэдры філфаку БДУ Сяргея Лебядзінскага.
Судзіў журналіста Ігара Ільяша судьдзя Менскага гарадзкога суду Сяргей Кацар.
У апошнім слове Ігар Ільяш адхіліў абвінавачаньні ў інкрымінаваных яму злачынствах і сваёй віны не прызнаў.
Жонка Ігара Ільяша палітзьняволеная журналістка «Белсату» Кацярына Бахвалава (Андрэева) трапіла за краты яшчэ ў лістападзе 2020 году. З таго часу журналістку двойчы судзілі і агулам прызначылі ёй 8 гадоў і 3 месяцы зьняволеньня, яна адбывае пакараньне ў жаночай калёніі № 4 у Гомлі.
Справа Кірылы Пазьняка
Журналіста Кірылу Пазьняка затрымалі 4 верасьня 2025 году ў дзень прызнаньня «экстрэмісцкім фармаваньнем» ютуб-каналу «Платформа 375».
У 2021–2022 гадах канал правёў некалькі дэбатаў паміж праўладнымі прапагандыстамі і апанэнтамі, якія вымушана зьехалі з краіны. Адным зь вядоўцаў дэбатаў быў Кірыла Пазьняк.
Ва ўступным слове ён заявіў, што дэбаты патрэбныя для стварэньня «дыялёгавай пляцоўкі, каб апанэнты маглі хаця б пачуць адзін аднаго», а таксама каб «павышаўся ўзровень і культура дэбатаў, дыскусіяў», а бакі, якія спрачаюцца, атрымалі магчымасьць «зьвяртацца ня толькі да сваёй аўдыторыі, а таксама да аўдыторыі тых, хто ня вызначыўся, і да публікі апанэнтаў».
Кірылу Пазьняка, як Ігара Ільяша, праваабаронцы прызналі палітвязьнем.