Памежнікі Беларусі паведамілі, што атрымалі афіцыйную інфармацыю Польшчы аб адкрыцьці мяжы

Пункт пропуску ў Берасьці на мяжы з Польшчай. Ілюстрацыйнае фота

У Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі паведамілі, што згодна з афіцыйнай інфармацыяй пункты пропуску на беларуска-польскай мяжы адкрыюцца а 1:00 25 верасьня.

Як адзначаецца ў паведамленьні ведамства, адпаведную інфармацыю атрымалі ад польскага боку.

Аб закрыцьці пунктаў пропуску на мяжы Польшчы і Беларусі стала вядома 9 верасьня. Як заявіў міністар Кервіньскі, Варшава закрывае мяжу зь Беларусьсю не на пэрыяд вучэньняў «Захад-2025», а «ў сувязі зь іх правядзеньнем».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Ці надоўга адкрыюць беларуска-польскую мяжу

Пасьля заканчэньня вучэньняў «Захад-2025» Польшча заявіла пра ўзмацненьне актыўнасьці дронаў каля мяжы зь Беларусьсю. Міністар унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кервіньскі сказаў, што Польшча зноў адкрые мяжу, калі гэта будзе бясьпечна.

Занепакоенасьць Польшчы вучэньнямі «Захад» узмацнілася, калі ў ноч з 9 на 10 верасьня прыблізна 21 расейскі бесьпілётнік увайшоў у яе паветраную прастору.

17 верасьня МЗС Беларусі заявіла, што праз 10 дзён пачне «прымяняць прадугледжаныя законам меры» да амаль 1500 польскіх фураў, якія не пасьпелі пакінуць Беларусь да закрыцьця мяжы. Выехаць празь мяжу зь Літвой ці Латвіяй Беларусь ім не дазваляе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не зьдзіўлюся, калі ў першыя хвіліны працы праз зноў адкрыты памежны пераход пройдзе нехта з палітвязьняў», — палітоляг Тышкевіч