У Беларусь ужо 10 дзён не заляталі расейскія бесьпілётнікі

Схема маршрутаў паветраных цэляў над тэрыторыяй Украіны 10 верасьня 2025 году, на якой бачныя і залёты ў Беларусь

Нягледзячы на штодзённыя атакі Расеі «Шахедамі» на Чарнігаўскую, Жытомірскую і Кіеўскую вобласьці Ўкраіны, ужо 10 дзён не было залётаў расейскіх дронаў у Беларусь.

Апошнія інцыдэнты былі зафіксаваныя 14 верасьня, калі некалькі дронаў заляцелі ў кірунку Гомлі і Лоева паводле зьвестак украінскага маніторынгавага каналу «еРадар».

Адсутнасьць новых парушэньняў паветранай прасторы Беларусі з 14 верасьня пацьвердзіў «Флагштоку» аўтар каналу «еРадар».

І гэта пры тым, што да 14 верасьня толькі за адзін тыдзень адбылося 25 парушэньняў паветранай прасторы Беларусі залётнымі дронамі. Зь іх 17 — у сераду 10 верасьня.

У той жа дзень каля 20 дронаў выявілі ў польскім небе, каля чатырох зь іх зьбілі. Гэта сталася першым выпадкам ад вайны ва Ўкраіне, калі краіна NATO адкрыла агонь па варожых цэлях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі: Расея вядзе атакі дронамі празь Беларусь, каб праверыць гатоўнасьць Эўропы рэагаваць на агрэсію