«Калі не дадуць прытулку — куды ехаць?» Чаму ў ЗША затрымліваюць беларусаў, якія чакаюць палітычнага прытулку

Лягер для ўцекачоў, ілюстрацыйнае фота

У ЗША ўсё часьцей затрымліваюць беларусаў, якія зьехалі туды з палітычных матываў. Іх зьмяшчаюць у міграцыйныя лягеры, ім пагражае дэпартацыя ў Беларусь.

Паводле актывістаў Association of Belarusians in America, дакладна вядома пра 9 затрыманых беларусаў, якія чакаюць палітычнага прытулку ў ЗША. Аднак, такіх спраў можа быць значна больш — некалькі знаходзяцца яшчэ на стадыі праверкі.

Глеб Івашкевіч, сябра Галоўнай управы Асацыяцыі беларусаў Амэрыкі, патлумачыў, што некалі існавала правіла: усе ўцекачы, якія просяць прытулак, былі абавязаныя да разгляду сваіх спраў знаходзіцца ў іміграцыйных цэнтрах. Але з часам пра гэта забыліся, таму што іміграцыйная сыстэма ў Амэрыцы перагружаная і не пасьпявае апрацоўваць усю інфармацыю.

Глеб Івашкевіч

«Пры прэзыдэнце Байдэне гэта ўсё забылася. Я па сабе суджу: калі мы праходзілі мяжу, нам проста выдалі позвы ў суд. І мы чакалі альбо суду, альбо інтэрвію ў іміграцыйнай службе. Прыйшоў іншы прэзыдэнт і пачаў шукаць мэханізмы ўзьдзеяньня на эміграцыю ўвогуле, ня толькі на легальную, але і на нелегальную.

І мы сталі закладнікамі сытуацыі: амаль усе затрыманыя беларусы перасяклі мяжу афіцыйна. У пункце пропуску, калі мы даем пашпарт амэрыканскаму памежніку, мы адразу просім палітычнага прытулку. Атрымліваецца, што нас адпускалі — адпускалі, а цяпер гэтую „лазейку“ прыкрываюць. І па сутнасьці кожны беларус, які папрасіў палітычнага прытулку на мяжы, можа апынуцца цяпер у цэнтры ізаляцыі („detention center“), — папярэджвае Глеб Івашкевіч.

Радыё Свабода зьвярнулася з афіцыйным запытам ў Міністэрства ўнутранай бясьпекі (U.S. Department of Homeland Security) — колькі беларусаў зьмешчаныя ў „detention centers“. Адказу пакуль не атрымалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аднаго зь лідэраў страйкаму «Беларуськалію» Анатоля Бокуна зьмясьцілі ў іміграцыйную турму ЗША

„Detention center“ — лягер для ўцекачоў»

То бок, detention center — месца часовага ўтрыманьня, пакуль ня будзе вырашаны лёс імігранта: даваць яму палітычны прытулак альбо не даваць.

У Амэрыцы гэтая структура завязана на бізнэсе, і ў структуры U.S. Department of Homeland Security (Міністэрстве ўнутранай бясьпекі) вельмі мала сваіх турмаў альбо ізалятараў, у ЗША большасьць турмаў камэрцыйныя (акрамя фэдэральных), — тлумачыць Івашкевіч.

«Атрымліваецца, што Міністэрства ўнутранай бясьпекі заключае кантракт на разьмяшчэньне сотняў эмігрантаў. І атрымліваецца, што людзі, якія зьехалі зь Беларусі праз пагрозу турмы, аказваюцца ў амэрыканскай турме.

Калі наш імігрант трапляе ў такую турму, хутчэй за ўсё, ён яшчэ не гатовы да інтэрвію, да суду. У многіх кейсы яшчэ ў працэсе фармаваньня, пастаянна дадаюцца новыя крымінальныя артыкулы (беларускія ўлады ў гэтым дапамагаюць). Атрымліваецца, што ў многіх кейс ёсьць, але яго яшчэ можна дапаўняць і дапаўняць. Да таго ж, у цэнтры ізаляцыі ў людзей няма магчымасьці сябе нармальна абараніць праз стрэс. Скажу як бацька траіх дзяцей: калі мяне зьмесьцяць у „дэтэншэн“, увесь сямейны быт абрынецца», — кажа актывіст Асацыяцыі беларусаў Амэрыкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, колькі беларусаў дэпартавалі з ЗША за апошнія пяць гадоў

«Першы крок у «дэтэншэне» — гэта так званае «інтэрвію на страх»

Чалавек, які падаўся на прытулак, павінен патлумачыць, чаму яму страшна вярнуцца на радзіму, што яму там пагражае, і пераканаць у гэтым іміграцыйнага афіцэра. А гэта шараговыя супрацоўнікі, большасьць зь якіх мала ведае альбо наагул нічога ня ведае пра Беларусь.

«Ёсьць выпадкі, калі людзі правальваюць «інтэрвію на страх» — ня могуць даказаць афіцэру, які праводзіць інтэрвію, у чым небясьпека. Да таго ж, цяпер бяз розьніцы, што ў чалавека з дакумэнтамі. Можа быць максымальны парадак: ёсьць дазвол на працу, чалавек нічога не парушаў, падаткі плаціць спраўна — але яго ўсё адно зьмяшчаюць у «дэтэншн» да суду. І ён ужо не афіцэру будзе распавядаць, а суду. А гэта ўжо фінальная стадыя. Бо калі раней адмову афіцэра можна было аспрэчыць у судзе, то калі суд адхіліў, наступны этап — гэта апэляцыя. Працэс даволі доўгі, і ў чаканьні апэляцыі чалавек усё адно знаходзіцца ў «дэтэншн цэнтры», — тлумачыць актывіст.

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Беларусы ЗША на акцыі пратэсту каля штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку, канец 2019 году

«У людзей розныя кейсы, але „грабуць“ у турму ўсіх аднолькава»

23 верасьня падчас стрыму Сяргея Ціханоўскага з сустрэчы зь беларускай дыяспарай у Нью-Ёрку адзін мужчына, якія не прадставіўся, паведаміў, што ў «дэтэншэн» зьмешчаны беларус Анатоль Бокун, адзін зь адзін зь лідэраў страйкаму «Беларуськалію». Днямі ў яго адбудзецца суд. Свабода пацьвердзіла гэтую інфармацыю праз афіцыйны сайт Міністэрства ўнутранай бясьпекі ЗША (U.S. Department of Homeland Security).

Інфармацыя пра Анатоля Бокуна на афіцыйным сайце Міністэрства ўнутранай бясьпекі ЗША

Беларуска Вераніка прыехала ў 2017 годзе і ні разу ня езьдзіла ў Беларусь. Усе яе дакумэнты ў парадку: ёсьць дазвол на працу, пасьведчаньне асобы, статус прасіцеля прытулку. Аднак 18 траўня супрацоўнікі Службы іміграцыйнай палітыкі (ICE) яе затрымалі, зьмясьцілі спачатку ў іміграцыйны цэнтар у Фларыдзе, а потым у лягер для імігрантаў у Нью-Мэксіка. Яе муж застаўся зь немаўляткам.

26 жніўня ў лягеры адбыліся папярэднія слуханьні, жанчыну пакінулі пад вартай. Асноўныя слуханьні адбудуцца ў кастрычніку альбо ў лістападзе.

Беларуса Артура Сянько месяц таму затрымалі ў Нью-Ёрку. Ён знаходзіцца ў міждзяржаўным вышуку паводле артыкулу 369 КК РБ (зьнявага прадстаўніка ўлады).

15 жніўня ён прыйшоў па позьве разам з адвакатам у прадстаўніцтва U.S. Department of Homeland Security, а там яго закавалі ў кайданкі і забралі ў турму. Разгляд справы пастаянна адкладаецца.

Яшчэ адзін прыклад — 15 верасьня ў Філядэльфіі затрымалі беларуса Аляксандра К, які накіроўваўся на штогадовы візыт у іміграцыйную службу. Жонка Натальля засталася адна з двума дзецьмі-школьнікамі.

«У людзей розныя кейсы, але „грабуць“ у турму ўсіх аднолькава», — падсумоўвае Глеб Івашкевіч.

«Асноўная праблема для людзей, калі не дадуць прытулку — куды ехаць?»

Беларуска Алена разам з мужам Аляксеем (імёны зьмененыя на просьбу суразмоўцаў) прыехалі ў ЗША ўвесну 2023 году. Аляксей — былы палітзьняволены, атрымаў напрыканцы 2021 года 3 гады «хіміі» з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Эвакуаваўся складаным шляхам празь некалькі краінаў. Нарэшце сям’я апынулася ў ЗША і падалася на ўцякацтва.

Першы суд быў прызначаны на 16 кастрычніка мінулага году. Ён не адбыўся — пракурорка не пасьпела разгледзець справу, і судзьдзя прызначыў наступнае паседжаньне амаль праз год.

16 верасьня 2025 года нарэшце прайшло судовае паседжаньне. Пракурор дапытваў Аляксея больш за 4 гадзіны. Беларус моцна нэрваваўся, пераблытаў некаторыя даты. Наступнае паседжаньне прызначана на 21 кастрычніка. Там будуць ужо пытаньні адваката, — распавядае жонка былога палітвязьня Алена.

«Мы на свабодзе, але ведаем, што многіх беларусаў зьмясьцілі ў „дэтэншэн цэнтры“. Асноўная праблема для людзей, калі не дадуць прытулку — куды ехаць? Вось тут рэальна неабходная дапамога. Патрэбны візы, а бязь візаў можна трапіць толькі ў тыя краіны, якія выдаюць уцекачоў. Да таго ж, у многіх пратэрмінаваныя беларускія пашпарты. Мы маральна рыхтуемся, што, магчыма, давядзецца зьяжджаць з ЗША, разглядаем Польшчу альбо Літву.

Я вельмі злуюся, што ў Беларусі засталіся дом, лецішча, а мы боўтаемся па сьвеце толькі таму, што аднаму калгасьніку захацелася помсты і ўлады да сьмерці» — не хавае эмоцый жанчына.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскі кангрэсмэн заступіўся за зьняволеных беларускіх журналістаў Ігара Ільяша і Кірылу Пазьняка

«Трэба грукацца, зьвяртацца, хадзіць па кабінэтах кангрэсмэнаў»

Што трэба рабіць беларусам у такой складанай сытуацыі? На думку сябра Галоўнай управы Асацыяцыі беларусаў Амэрыкі Глеба Івашкевіча, неабходна шукаць кантакты, сувязі з кангрэсмэнамі, сэнатарамі, прадстаўнікамі штабоў.

«То бок, пакуль ня будзе ўнесены на разгляд у Кангрэс альбо Сэнат законапраект, што тычыцца гэтай сытуацыі, нічога ня зьменіцца. Бо Міністэрства ўнутранай бясьпекі наўпрост падначальваецца Беламу дому. І ўсе дырэктывы круцяцца вакол Белага дому. А пакуль беларусы занятыя зарабляньнем грошай, у нас у галовах ня выпрацаваны яшчэ мэханізм лабіяваньня, узаемадзеяньня з амэрыканскай уладай.

Канечне, ёсьць людзі, арганізацыі, якія гэтым займаюцца, пішуць запыты, распавядаюць пра сытуацыю, сустракаюцца з палітыкамі. Але гэтага недастаткова, каб пабудзіць амэрыканскага чыноўніка штосьці зрабіць. Трэба грукацца, зьвяртацца, хадзіць па кабінэтах сваіх кангрэсмэнаў, прадстаўнікоў на месцах. І калі гэта будзе масава, тады, магчыма, штосьці зрушыцца», — мяркуе Глеб Івашкевіч.

«Пакуль сытуацыя ня вельмі спрыяльная для беларусаў»

Кіраўнік агенцтва Эўра-Атлянтычнага супрацоўніцтва Валер Кавалеўскі перакананы, што ў такой складанай сытуацыі найперш трэба выкарыстоўваць юрыдычныя мэханізмы. Такія справы ў ЗША вырашаюцца ў прававым полі, тлумачыць ён. Трэба зьвяртацца да адвакатаў і шукаць дапамогі. Бо нейкі палітычны ціск тут непрымальны.

Ён прывёў прыклад, як напярэдадні паездкі Сяргея Ціханоўскага ў ЗША была ідэя сабраць пэрсанальныя дадзеныя людзей, якія ён прынясе ў Белы дом і там вырашыць усе праблемы.

Валер Кавалеўскі

«Калі я размаўляў з дыяспарай, я пратэставаў супраць гэтага. Бо зьбіраць прыватныя дадзеныя пасьля столькіх выпадкаў небясьпечных сытуацый, якія прывялі да арыштаў людзей, абсалютна недарэчна. Разьлічваць на тое, што ты прыйдзеш да палітыка, і палітык вырашыць гэтую праблему, не выпадае. Бо на сёньняшні дзень гэта ўсё ж такі палітыка Злучаных Штатаў, Дональда Трампа — перасьлед імігрантаў без уліку нацыянальнасьцяў, сытуацыі ў краіне, і яна вельмі жорсткая. Гэта трэба ўлічваць. І палітычна ніхто ня можа на гэта ўплываць. Таму гэта можна рабіць толькі ў прававым полі, — перакананы Кавалеўскі.

Ён таксама дадаў, што цяпер вывучае варыянты, што можна зрабіць дзеля таго, каб перавесьці гэта ў дыпляматычнае рэчышча.

«На мінулым тыдні ў мяне была такая размова з амэрыканцамі ў Дзярждэпартамэнце, я ўзьняў гэта пытаньне, агучыў праблему беларусаў, зьвярнуў увагу, а яны абяцалі падумаць. Магчыма, празь некаторы час я да іх вярнуся, спытаюся, што яны высьветлілі і ці можна нейкім чынам гэтую ідэю прасунуць наперад. Але, як я разумею, самі міграцыйныя адвакаты на сёньняшні момант крыху разгубленыя. Пакуль сытуацыя ня вельмі спрыяльная для беларусаў», — выказаў сваё меркаваньне Валер Кавалеўскі.

У красавіку 2025 года прэзыдэнт Дональд Трамп заяўляў аб намеры выправадзіць рэкордную колькасьць мігрантаў, якія знаходзяцца ў ЗША нелегальна, і зьвярнуўся да нестандартных юрыдычных мэтадаў для ўзмацненьня дэпартацый. Вярхоўны суд ЗША раней фактычна дазволіў Дональду Трампу прымяняць закон 1798 году для высылкі з краіны меркаваных чальцоў злачынных груповак.

Пазьней Міністэрства ўнутранай бясьпекі (DHS) ЗША абвесьціла аб запуску новай праграмы для нелегальных імігрантаў, якая дазваляе атрымаць дарожную дапамогу і стыпэндыю ў памеры 1000 даляраў пры добраахвотным вяртаньні на радзіму.

Міністарка DHS Крысьці Ноэм заявіла, што добраахвотная самадэпартацыя — гэта «самы бясьпечны і эканамічна выгадны» спосаб пакінуць ЗША, пазьбегнуўшы затрыманьня з боку іміграцыйнай службы. Праграма зьніжае выдаткі падаткаплатнікаў на дэпартацыйныя працэдуры прыкладна на 70 працэнтаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў Нью-Ёрку асабіста падзякавала Трампу за дапамогу ў вызваленьні палітвязьняў