Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадзенскія ўлады адрэагавалі на руйнаваньне 800-гадовага могільніка ў Гальшанах 


Чалавечыя косткі каля Гальшанскага замка
Чалавечыя косткі каля Гальшанскага замка

Упраўленьне культуры Горадзенскага аблвыканкаму адрэагавала на сытуацыю з аднаўленчымі работамі на тэрыторыі, прылеглай да замку Сапегаў у Гальшанах на Ашмяншчыне.

Падчас будаўніцтва ходнікаў і паркінгу рабочыя пашкодзілі стары могільнік, які датуецца XIІI–XIV стагодзьдзямі. Каб не своечасовае ўмяшаньне археолягаў, чалавечыя парэшткі і артэфакты маглі б назаўжды зьнікнуць у адвалах зямлі.

У афіцыйным адказе на імя археоляга Алеся Гаршкова гаворыцца, што ўся дзейнасьць побач з аб’ектам гісторыка-культурнай каштоўнасьці ажыцьцяўляецца «згодна з распрацаванай праектна-каштарыснай дакумэнтацыяй».

«Зоны аховы гісторыка-культурнай каштоўнасьці на гэтай тэрыторыі дазваляюць правядзеньне работ у добраўпарадкаваньні, азеляненьні, пракладцы неабходных камунікацый», — гаворыцца ў лісьце з подпісам намесьніцы начальніцы ўпраўленьня Сьняжаны Куратчык.

Разам з тым у ведамстве прызнаюць, што будаўнічыя работы ажыцьцяўляліся без патрэбнага археалягічнага нагляду, таму замоўнік у асобе УКБ Ашмянскага райвыканкаму прыпыніў іх.

Прадпрыемства «Нэф-праект», якое выконвае аўтарскі нагляд у працэсе рэалізацыі праекту, накіравала ліст у Інстытут гісторыі НАН Беларусі аб заключэньні дамовы на дасьледаваньне выяўленага могільніка. Прафэсійныя археолягі праводзяць неадкладныя выратавальныя работы.

Таксама ў адказе ўдакладняецца, што ў дачыненьні да ПУП «Неф-праект» складзены пратакол аб адміністрацыйным парушэньні.

Дзейнасьць на аб’екце будзе адноўленая пасьля арганізацыі археалягічнага нагляду, даводзіць упраўленьне культуры Горадзенскага аблвыканкаму.

Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG