У сувязі з завяршэньнем актыўнай фазы расейска-беларускіх вайсковых вучэньняў «Захад-2025» літоўскі прэзыдэнт Гітанас Наўседа заявіў, што яны прайшлі так, «як і было заяўлена», і не стварылі беспасярэдняй пагрозы Літве.
«Вучэньні ня выклікалі нейкіх беспасярэдніх пагрозаў для нас. У той жа час, гэта была наша сьвядомая падрыхтоўка, вучэньні праходзілі і на нашым баку. Яны сапраўды вельмі сур’ёзныя — 17 тысяч вайскоўцаў у Літве, 40 тысяч разам з Польшчай. Гэта сапраўды буйныя сілы, якія значна пераўзыходзяць тыя, што былі на ўсходнім баку», — сказаў Гітанас Наўседа, якога цытуе BNS.
Пасьля неаднаразовых парушэньняў паветранай прасторы краін усходняга флянгу NATO альянс аб’явіў аб пачатку місіі Eastern Sentry («Усходні вартавы»), якая ўмацуе абарончую здольнасьць гэтых краін.
«Ня ведаю, ці плянавалі гэта расейцы, але тое, што NATO сур’ёзна паставілася да нашага рэгіёну і пагрозаў у ім і запусьціла так званую місію Eastern Sentry, зрабіла карысную працу. Гэта вельмі добра, бо дазволіць нам разам з хаўрусьнікамі запоўніць пэўныя прагалы ў нашай супрацьпаветранай абароне», — сказаў Наўседа.
Вучэньні «Захад-2025» праходзілі з 12 па 16 верасьня.
Форум