Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Залаты мяч» найлепшага футбаліста сэзону атрымалі Дэмбэле і Банмаці


Айтана Банмаці трэці год запар здабыла «Залаты мяч» cярод жанчын
Айтана Банмаці трэці год запар здабыла «Залаты мяч» cярод жанчын

У Парыжы ўвечары 22 верасьня абвясьцілі пераможцаў прызу «Залаты мяч». Гэты прыз уручае францускі часопіс France Football з 1956 году гульцам, якія найлепш праявілі сябе ў папярэднім сэзоне.

Першапачаткова прыз уручалі толькі эўрапейскім гульцам, але ад 1995 году яго пашырылі на любых гульцоў у эўрапейскіх клюбах, а ад 2007 — на футбалістаў па ўсім сьвеце. Ад 2018 году таксама ўручаецца жаночы «Залаты мяч» найлепшым футбалісткам.

«Залаты мяч» сярод мужчын здабыў Усман Дэмбэле — яму 28 гадоў, ён гулец зборнай Францыі і парыскага клюбу «Пары Сэн Жэрмэн», які сёлета выйграў Лігу чэмпіёнаў.

Сярод жанчын «Залаты мяч» трэці год запар здабыла Айтана Банмаці. Ёй 27 галоў, яна гуляе за зборную Гіпшпаніі, якая сёлета дайшла да фіналу ў чэмпіянаце Эўропы, і за «Барсэлёну» — фіналістаў сёлетняй Лігі чэмпіёнаў.

Акрамя таго, на цырымоніі France Football уручалі і шэраг іншых прызоў. Сярод іх былі наступныя:

  • Прыз імя Ёгана Круіфа найлепшаму трэнэру мужчынскіх камандаў атрымаў Люіс Энрыке — трэнэр «Пары Сэн Жэрмэн». Энрыке не было на цырымоніі, бо ягоная каманда якраз у гэты вечар гуляла на выезьдзе супраць «Марсэлю» ў чэмпіянаце Францыі і прайграла зь лікам 1-0.
  • Такі ж прыз сярод трэнэраў жаночых камандаў атрымала Сарына Ўігман — трэнэрка зборнай Англіі, якая сёлета выйграла чэмпіянат Эўропы.
  • Прызам імя Льва Яшына найлепшаму брамніку сярод мужчынаў узнагародзілі Джанлюіджы Донаруму — брамніка зборнай Італіі, які выйграў Лігу чэмпіёнаў у складзе «Пары Сэн Жэрмэн». Улетку ён перайшоў у ангельскі клюб «Манчэстэр Сіці».
  • Такі ж прыз сярод жанчын атрымала брамніца зборнай Англіі і лёнданскага клюбу «Чэлсі» Ганна Гэмптан.
  • Мужчынскім клюбам году стаў пераможца сёлетняй Лігі чэмпіёнаў, «Пары Сэн Жэрмэн».
  • Жаночым клюбам году стаў лёнданскі «Арсэнал», які выйграў Лігу чэмпіёнаў сярод жанчын.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG