Гэтае дасьледаваньне ўсебакова аналізуе адну з формаў рэпрэсій — так званае «спэцвядзеньне» ў беларускім крымінальным працэсе.
Дасьледнікі прыйшлі да адназначнай высновы: гэта мэханізм — форма інстытуцыяналізаванага перасьледу, які нясе прыкметы злачынстваў супраць чалавецтва ў сэнсе Рымскага статуту Міжнароднага крымінальнага суду, піша Беларуская служба Польскага радыё.
Спэцвядзеньне ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе РБ зьявілася ў 2022 годзе. Аналіз злачынстваў, у выпадку якіх можна выкарыстоўваць спэцыяльнае вядзеньне, а таксама прымяненьне такога мэханізму сьведчыць аб тым, што гэтую працэдуру ўводзілі менавіта ў рамках рэпрэсійнай палітыкі беларускага аўтарытарнага рэжыму.
Адной з умоў узьнікнення спэцвядзеньня зьяўляецца прыняцьце пракурорам на стадыі папярэдняга сьледзтва адпаведнага рашэньня. Яно абумоўлена адсутнасьцю чалавека на тэрыторыі Беларусі, вызначэньнем дзяржавы, у якой ён знаходзіцца, адпаведным запытам аб экстрадыцыі па афіцыйных каналах гэтага грамадзяніна на тэрыторыю Беларусі. І пры атрыманьні адмовы, альбо пасьля заканчэньня 6 месяцаў, калі ніякага адказу не прыходзіць, яны могуць перадаць справу на працэдуру спэцвядзеньня.
Чаму мэханізм трапіў пад увагу Міжнароднага камітэту расьсьледаваньня катаваньняў? Дакумэнтатар камітэту, які застаецца ананімным, адзін з аўтараў дакладу гаворыць, што прычына наступная: асобы, якія асуджаныя ў рамках гэтай працэдуры, фактычна не зьяўляюцца палітычнымі вязьнямі, бо яны не знаходзяцца ў месцах няволі. І фактычна іхны статус — ня вельмі зразумелы.
«Яны нібыта асуджаныя, у іх у многіх забіраюць маёмасьць, але ў той жа час яны не зьяўляюцца прамымі ахвярамі рэпрэсій. Іх не затрымліваюць, да іх не прымяняюць нейкі гвалт, акрамя можа псыхічнага. І раз мы лічым, што вось гэтая экстэрытарыяльная юрысдыкцыя беларускіх судоў, калі яны спрабуюць асабіста на тэрыторыі іншай дзяржавы крымінальна перасьледаваць з палітычных матываў, мы лічым, што гэта праява злачынства супраць чалавецтва, а менавіта перасьлед паводле артыкулу 7 Рымскага статуту. Адпаведна, названыя абставіны зьяўляюцца прэрагатывай камітэту для таго, каб дакумэнтаваць і рабіць аналітычныя матэрыялы, як нашыя дасьледаваньні».
- Па стане на 1 верасьня 2025 году спэцыяльнае вядзеньне праводзілася ў дачыненьні 153 чалавек.
- На стадыі сьледзтва было прынятае рашэньне правесьці гэтую працэдуру. Да крымінальнай адказнасьці прыцягнулі 137 чалавек з 153.
- Ва ўсіх выпадках выносілі пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі.
- Акрамя таго, большасьці з асуджаных дадаткова прызначалі штраф.
- Таксама прымяняецца дадатковае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня права займаць пэўныя пасады, пазбаўленьня спэцыяльнага або вайсковага званьня.
У эўрапейскай практыцы суды без прысутнасьці абвінавачанага магчымыя. Аднак павінны выконвацца пэўныя ўмовы. Дакумэнтатар Міжнароднага камітэту ў расьсьледаваньні катаваньняў у Беларусі гаворыць, што можна казаць пра чатыры асноўныя, і тлумачыць, чаму ў Беларусі гэта не працуе.
Першая ўмова — гэта належнае паведамленьне аб тым, што ў дачыненьні асобы заведзена крымінальная справа і будзе судовае разьбіральніцтва. У Крымінальна-працэсуальным кодэксе Рэспублікі Беларусь прадугледжваецца магчымасьць абвесткі толькі на сайце Вярхоўнага суду, які недаступны за межамі Рэспублікі Беларусь. І фактычна асоба, якая хоча даведацца аб наяўнасьці нейкага судовага рашэньня або прызначэньне судовага паседжаньня, без выкарыстаньня VPN ня можа пра гэта даведацца.
Другой умовай зьяўляецца доказ факту таго, што асоба адмаўляецца зьяўляцца ў суд. Гэта значыць, доказ паводле міжнародных нормаў таго, што асоба належным чынам апавешчаная і адмаўляецца самастойна туды ехаць. У беларускім крымінальна-працесуальным законе ўвогуле адсутнічае абавязак суду інфармаваць абвінавачанага.
Трэцім элемэнтам справядлівага суду без адсутнасьці абвінавачанага зьяўляецца эфектыўная прававая абарона абвінавачанага. У Рэспубліцы Беларусь гэтае патрабаваньне парушаецца, хаця фактычна і прысутнічае адвакат паводле прызначэньня. Аднак у большасьці выпадкаў адвакаты не выходзяць на сувязь са сваімі кліентамі, не ўзгадняюць зь імі сваю пазыцыю ў справе.
І чацьвёртая абавязковая ўмова — магчымасьць новага суду, калі асоба ўжо зьявілася ў краіну, дзе быў вынесены прысуд, такая магчымасьць у РБ адсутнічае.
На думку юрыста, галоўная мэта спэцвядзеньня — палітычныя рэпрэсіі.
«На тое, што асноўнай мэтай спэцвядзеньня зьяўляюцца палітычныя рэпрэсіі, паказвае той факт, што толькі дзьве асобы, у дачыненьні якіх пачыналася спэцыяльнае вядзеньне і пераходзіла на спэцпрацэдуру, абвінавачваюцца ў крымінальных справах, у махлярстве, якія былі зьдзейсьненыя да 2020 году. Гэта атрымліваецца 1,3% асоб, якія можна ў прынцыпе сказаць пра тое, што яны не адносяцца да нейкіх палітычных актывістаў. Калі мы будзем аналізаваць тыя злачынствы, якія ставяцца ў віну, часта сьледзтвы і суд фактычна палітычным актывістам і тым, хто змагаецца з аўтарытарным рэжымам, замест звыклых нам артыкулаў за экстрэмізм, тэрарызм, яны ставяць у віну нейкія эканамічныя справы, напрыклад, ухіленьне ад выплаты падаткаў, альбо нейкае махлярства.
Акрамя таго, асобы, якія зазнаюць спэцвядзеньня, сустракаюцца з іншымі наступствамі, як ціск на іх сваякоў. Дадаткова, у іх незразумелы статус: асуджаныя яны ці не, што можа ўяўляць праблему, напрыклад, у час падачы дакумэнтаў на візу ў Злучаныя Штаты Амэрыкі ці Вялікую Брытанію.
Цяперашняя практыка выкарыстаньня спэцыяльнага вядзеньня ў РБ валодае ўсімі прыкметамі злачынства супраць чалавечнасьці ў форме перасьледу, што кваліфікуецца ў адпаведнасьці зь міжнародным крымінальным правам і патрабуе належнай прававой ацэнкі на міжнародным узроўні»,— гаворыцца ў дасьледаваньні Міжнароднага камітэту ў расьсьледаваньні катаваньняў у Беларусі.
Форум