Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Згарэў пашпарт. Беларускі добраахвотнік ва Ўкраіне ня можа аднавіць дакумэнты


Беларускі добраахвотнік Эмілій Лабейка
Беларускі добраахвотнік Эмілій Лабейка

Пашпарт беларускага добраахвотніка Эмілія «Бабра» Лабейкі згарэў падчас баявых дзеяньняў ва Ўкраіне. Ён расказаў Свабодзе, як жыве без дакумэнтаў і чаму не плянуе пакідаць Украіну.

Эмілій Лабейка паехаў ваяваць ва Ўкраіну ў пачатку поўнамаштабнага ўварваньня туды Расеі. Яму тады быў 21 год, цяпер яму 25.

«На мой погляд, ідзе вялікая падтрымка з боку Расеі. Трэба зь імі змагацца, каб у будучыні мы павышалі шанец на тое, што мы зможам зрабіць Беларусь вольнай і незалежнай. Таму было відавочна, што трэба дапамагаць Украіне», — кажа ён.

Ён паходзіць з Бабруйску, узяў сабе пазыўны «Бобр». Удзельнічаў у пратэстах 2020 году ў Бабруйску і ў Менску. Кінуў завочнае навучаньне ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. У ліпені 2021 году зьехаў зь Беларусі ў Польшчу, працаваў у McDonald’s. Адзначае, што бацькі не падтрымалі ягоны выбар — і зьехаць зь Беларусі, і пайсьці ваяваць. Цяпер хлопец зь імі не кантактуе. У Беларусі ў яго таксама засталіся былая жонка і двое дзяцей. Зь імі ён таксама не стасуецца.

Беларускі добраахвотнік Эмілій Лабейка
Беларускі добраахвотнік Эмілій Лабейка

Пашпарт зьнішчылі падчас абстрэлу

Добраахвотнік расказаў, што ў траўні 2023 году ў Краматорску страціў пашпарт. Той згарэў.

«Пашпарт быў у куртцы. Так здарылася, што куртку зьнішчылі падчас абстрэлу. Куртка была не на мне», — расказвае ён.

Цяпер хлопец ня можа зрабіць новы пашпарт. Празь некалькі месяцаў пасьля страты дакумэнту, у верасьні 2023 году, выйшаў закон, паводле якога пашпарт можна зрабіць толькі ў Беларусі. Але на Радзіме хлопцу пагражае турма за тое, што ён ваюе на баку Ўкраіны.

Эмілій кажа, што спачатку не ўспрымаў гэтую праблему сур’ёзна.

«У мяне быў вайсковы білет. Я пэўны час знаходзіўся ў войску (Узброеных сілах Украіны). Нам казалі ў частцы, што дапамогуць, ніякіх праблем ня будзе, безь нічога не застанемся», — кажа суразмоўца.

Але, паводле Лабейкі, ягоная вайсковая частка не дапамагла разьвязаць праблему.

Беларускі добраахвотнік Эмілій Лабейка
Беларускі добраахвотнік Эмілій Лабейка

«У нас было багата беларусаў з такімі самымі праблемамі: у кагосьці пратэрмінаваны, у кагосьці страчаны (пашпарт). Але ніякай дапамогі ад часткі не было. Усё, што мы вырашалі, было з валянтэрскімі аб’яднаньнямі, праз кагосьці дзесьці», — кажа ён.

Зь ягоных словаў, людзі ў падобнай сытуацыі намагаліся пераехаць з Украіны, прыкладам, у Польшчу, і ўжо там разьвязваць пытаньне з дакумэнтамі.

Наўпроставы лінк

«Адзначылі, што мне трэба паехаць у Беларусь»

Сёлета Лабейка спрабаваў падаць дакумэнты ў міграцыйную службу Ўкраіны, каб атрымаць дазвол на жыхарства ў краіне. Аднак яму адмовілі.

«Адмовілі, бо ў мяне не было арыгіналу пашпарту. Адзначылі, што мне трэба паехаць у Беларусь, каб яго аднавіць. Але гэта немагчыма», — расказвае добраахвотнік.

Сёлета ў чэрвені, расказвае Эмілій, ён звольніўся зь першага месца службы, Міжнароднага легіёну пры Галоўным упраўленьні выведкі Ўкраіны. У верасьні заканчваліся 90 дзён, цягам якіх ён мог заставацца ва Ўкраіне без афіцыйнай працы. Нядаўна добраахвотнік уладкаваўся ў новы вайсковы падразьдзел Узброеных сілаў Украіны. Ён зазначае, што ня можа канкрэтызаваць, куды менавіта, але гэта ўжо не міжнародная, а ўласна ўкраінская структура.

«У новым падразьдзеле зацягнуўся працэс звароту майго вайсковага білета з папярэдняй часткі. Але ў мяне зараз зноў будзе падстава знаходзіцца ва Ўкраіне. І калі мне аддадуць вайсковы білет, я буду імкнуцца падаць абскарджаньне адмовы ўжо ў суд», — дзеліцца ён.

Праз тое, што беларус ня мае ва Ўкраіне пашпарту, ён ня можа адкрыць банкаўскі рахунак, ня можа зарэгістравацца ў мэдычнай сыстэме і аформіць падатковы нумар Украіны. Лабейка кажа, што яму падаўжаюць дзеяньне ягонага старога банкаўскага рахунку. Але той банк, паслугамі якога ён раней карыстаўся, не пасуе для выплаты заробку ў новай вайсковай частцы. Ён спадзяецца, што з вайсковым білетам здолее адкрыць новы рахунак. Калі ж гэта не ўдасца, ён ня ведае, як будзе атрымліваць грошы.

Беларускі добраахвотнік Эмілій Лабейка
Беларускі добраахвотнік Эмілій Лабейка

«Трэба будзе нешта прыдумаць», — кажа ён.

«Уласьцівасьць гінуць»

Эмілій разважаў магчымасьць зьехаць з Украіны, бо падчас службы нажыў зьвязаныя з вайной хваробы, у прыватнасьці кішэчніку. Аднак з гэтымі хваробамі яго палічылі прыдатным да вайсковай службы.

«Гэта зьявілася пасьля Бахмуту, у 2023 годзе. Там былі ўсе фактары, якія ўплывалі на зьяўленьне гэтай хваробы: і стрэс, і харчаваньне паганае», — дзеліцца суразмоўца.

Аднак падчас бальнічнага ён перадумаў зьяжджаць з Украіны.

«Я падумаў, што справа недаробленая. Расейская імпэрыя працягвае існаваць, зьнішчае Ўкраіну. Гэта наш агульны вораг з Украінай. Я вырашыў, што хвароба — гэта пагана, але трэба знайсьці сябе на новым месцы і працягваць рабіць карыснае», — кажа ён.

Добраахвотнік прызнаецца, што найцяжэйшымі для яго былі першыя месяцы на вайне.

«Я прывыкаў да вайны, да баявых задач пад абстрэламі. З часам ставісься да гэтага прасьцей», — кажа ён.

Эмілій зь дзяцінства пасьля траўмы ня чуе на адно вуха. Кажа, што гэта непрыемна і нязручна.

«Падчас баявых дзеяньняў, на перадавой трэба чуць усё, што адбываецца навокал цябе, стрэлы, размовы праціўніка. А мне з адным вухам было цяжка кірунак вызначыць», — тлумачыць ён.

На вайне, расказвае добраахвотнік, ён атрымаў некалькі кантузіяў. Праз гэта ў яго бываюць праблемы з памяцьцю, сном, галаўныя болі. Дапамагаюць спраўляцца зь цяжкасьцямі кампутарныя гульні, пешыя шпацыры. Хлопец кажа, што за тры з паловай гады поўнамаштабнай вайны быў амаль на ўсіх кірунках фронту: Херсонскім, Данецкім, Запароскім, Харкаўскім.

Рыштунак і дакумэнт, фота беларускага добраахвотніка Эмілія Лабейкі
Рыштунак і дакумэнт, фота беларускага добраахвотніка Эмілія Лабейкі

«Цяжка бачыць, што гінуць людзі, гінуць твае пабрацімы. Гэта самае трывожнае. Твае пабрацімы, зь якімі ты прыяжджаў, зь якімі выходзіў на задачы, маюць такую ўласьцівасьць гінуць», — прызнаецца суразмоўца.

Ён падлічыў, што страціў ужо больш за 30 пабрацімаў, зь якімі быў асабіста знаёмы, зь якімі разам выходзіў на заданьні.

«Дзень ходзіш сумны, а потым трэба вяртацца да працы», — дзеліцца ён тым, як перажывае сьмерць паплечнікаў.

Эмілій дадае, што гібель таварышаў не зьнеахвочвае яго ваяваць, а, наадварот, падштурхоўвае працягваць справу.

«Інакш атрымаецца, што яны загінулі проста так», — падкрэсьлівае ён.

На пытаньне, што мусіць здарыцца, каб ён сышоў з вайны, добраахвотнік адказвае: «Ня ведаю, можа, калі заб’юць».

Беларускі добраахвотнік Эмілій Лабейка
Беларускі добраахвотнік Эмілій Лабейка

Суразмоўца кажа, што за час вайны цалкам зьмяніўся, памянялася ягонае стаўленьне да жыцьця.

«Дзесьці саромеўся. А зараз няма сэнсу саромецца, бо ўсякае можа здарыцца ў кожны момант. Усё ўспрымаецца з такой дрэннай думкай... Больш дасьведчаны стаў», — расказвае баец пра свае ўнутраныя зьмены.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG