Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск заявіў, што Польша зноў адчыніць памежныя пераходы з Беларусьсю апоўначы зь серады на чацьвер, 25 верасьня.
Варшава закрывала мяжу зь Беларусьсю з 12 верасьня зь меркаваньняў бясьпекі, асноўнай прычынай называлі беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні «Захад-2025».
Якой была пазыцыя КНР адносна крызісу на мяжы Польшчы і Беларусі? На каго Пэкін ускладаў віну за крызіс, на каго ціснуў? На гэтае пытаньне адказалі навуковы супрацоўнік фонду Карнэгі Цемур Умараў і палітычны аглядальнік Радыё Свабодная Эўропа/ Радыё Свабода Мэрхат Шарыпжан.
Каго Пэкін вінаваціў у крызісе на мяжы Беларусі і Польшчы?
Умараў: Для Пэкіну было вельмі важным хутка вырашыць гэты крызіс, каб аднавіць нармальныя гандлёвыя адносіны з Эўразьвязам. Бо заблякаваны шлях — асноўная чыгуначная артэрыя, якая зьвязвае кітайскі рынак з эўрапейскім. І ўлічваючы спробы Кітаю паглыбіць раскол у альянсе Эўропы з Амэрыкай, Пэкіну важна падтрымліваць шчыльныя эканамічныя сувязі з ЭЗ. Таму я ня думаю, што Кітай імкнуўся вызначыць, хто вінаваты і каго трэба прыцягнуць да адказнасьці за тое, што адбываецца.
Пэкін спрабаваў усімі магчымымі інструмэнтамі дамагчыся вырашэньня гэтага пытаньня, спрабаваў весьці перамовы з абодвума бакамі, каб палітычныя абставіны, якія прывялі да закрыцьця мяжы, былі вырашаныя. Было зразумела, гэта была не аб’ектыўная неабходнасьць закрыць межы, а, хутчэй, палітычны ход. Адпаведна, палітычнымі ж шляхамі праблему і можна было вырашыць.
Шарыпжан: Мне здаецца, Пэкін не ўскладаў віну ні на каго, а шукаў магчымасьці выйсьці з гэтай сытуацыі. Бо сытуацыя гэтая была вельмі важная для сёньняшняга кіраўніцтва КНР. Ініцыятыва Сі Дзіньпіна «Адзін пояс, адзін шлях» — гэта адзін са слупоў кітайскай палітыкі, які дапамагае яму замацаваць сваё месца ў кітайскай гісторыі побач з Мао Цзэдунам і Дэн Сяапінам.
— Мэрхат, вы сказалі, што для Кітая гэтая сытуацыя была вельмі важнай з гледзішча ініцыятіывы «Адзін пояс, адзін шлях». Але ж ёсьць альтэрнатывы. Большая частка кітайскага транзыту ў ЭЗ ідзе морам, ёсьць дарога праз Літву, ёсьць паўднёвы маршрут праз Казахстан. Гэта значыць, сытуацыя была не такая, што блякаваньне беларускага транзыту — гэта крах «Аднаго пояса, аднаго шляху».
Шарыпжан: Так, але гэта быў удар па праекце. І небясьпечны прэцэдэнт. Я зьвярнуў бы ўвагу на тое, што для Лукашэнкі вельмі важны Кітай. Ён памятае падзеі ў Казахстане 2022 году, калі Касым-Жамарт Такаеў быў ледзь не адхілены ад улады кланам Нурсултана Назарбаева. Такаеву тады дапамог Уладзімір Пуцін, увёўшы ў Казахстан войскі АДКБ. І тады шмат каму здавалася, што расейскія войскі застануцца ў Казахстане. Але зразумела было, што Кітай з гэтым не пагодзіцца. І войскі праз некалькі дзён былі выведзеныя. Казахстан вельмі па-майстэрску гуляе на сваіх адносінах з Кітаем. І Лукашэнка імкнецца да таго ж.
Ці верыў Кітай, што Польшчу падбухторыла Амэрыка?
— Учора Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з чальцом палітбюро камуністычнай партыі Кітаю Лі Сі. У размове зь Лі Лукашэнка фактычна заявіў, што Польшчу падбухторылі перакрыць мяжу трэція краіны. Некалькі дзён таму, калі крызіс на мяжы толькі разгараўся, часопіс Politico напісаў, што ён выгадны ЗША. Бо ЗША патрабуюць, каб Эўропа ўводзіла тарыфы на кітайскі імпарт, стварала цяжкасьці кітайскаму гандлю. Ну дык крызіс на мяжы гэта і былі такія цяжкасьці. Наколькі ў Кітаі падзялялі думку, што Польшча гэта рабіла для Вашынгтону, на замову ці паводле загаду ЗША? Калі камусьці нешта выгадна, то гэта не абавязкова робіцца па ягоным загадзе, наогул кажучы.
Шарыпжан: Так, я згодны зь меркаваньнем, што гэты крызіс быў выгадны Трампу і Злучаным Штатам. Трамп і падчас выбарчай кампаніі, і стаўшы прэзыдэнтам, неаднаразова казаў, што галоўны канкурэнт, супернік Амэрыкі — гэта Кітай. Але я ня ўпэўнены, што Польшча гэта зрабіла з падачы Злучаных Штатаў.
Умараў: Мяркую, што ў Лукашэнкі добрая інтуіцыя наконт таго, як можна прадаць пэўныя рэчы сваім партнэрам. І аргумэнтацыя, што гэты крызіс на мяжы быў ня проста выгадны амэрыканцам, але і што гэта справа рук саміх амэрыканцаў — яна вельмі арганічна кладзецца на агульную зацыкленасьць Кітаю на думцы, што Амэрыка робіць усё магчымае для таго, каб стрымаць іхны рост, ня даць ім трансфармаваць сваю эканамічную моц у моц палітычную.
Але трэба разумець, што ў рэальнасьці, хутчэй за ўсё, сытуацыя іншая. Улічваючы тое, як хаатычна дзейнічае адміністрацыя Трампа, я вельмі сумняюся, што падобны ход быў першапачаткова неяк прадуманы для таго, каб стрымаць зьбліжэньне Кітаю і ЭЗ. І, хутчэй, у Кітаі таксама ёсьць людзі, якія гэта ўсьведамлялі і разумелі, што рашэньне насамрэч прынялі там, дзе пра яго абвясьцілі — у Варшаве.
Ці націснуў Сі на Лукашэнку?
— У мінулым годзе тагачасны прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда лётаў у Пэкін, сустракаўся зь Сі Дзіньпінам. І палякі заяўляюць, што тады Сі ўчыніў ціск на Менск, на Лукашэнку. Тады і сапраўды міграцыйны паток празь беларуска-польскую мяжу зьменшыўся. У Варшаве лічаць, што дзякуючы Сі. Але пазьней гэтая плынь зноў павялічылася. Ці сапраўды Кітай ціснуў на Лукашэнку — і ў мінулым, і ў час цяперашняга крызісу?
Умараў: Цалкам можна сабе ўявіць ціск з боку Кітаю, хоць і не наўпроставы. Я кепска сабе ўяўляю сытуацыю, як Сі сустракаецца з Лукашэнкам і наўпрост яму кажа, што калі ты ня зробіш тое і тое, мы цябе пакараем гэтак і гэтак. Агульны кантэкст кантактаў дзьвюх краін, шматлікія візыты Лукашэнкі ў Кітай, дэманстравалі ўзровень залежнасьці Беларусі ад Кітаю. І эканамічная залежнасьць вельмі лёгка трансфармуецца ў палітычны ціск пры неабходнасьці. Таму Лукашэнка, я думаю, усё сам цудоўна разумеў і разумее.І імкнецца дзейнічаць так, каб не закрануць інтарэсаў зьнешняй палітыкі Кітаю наўпрост.
— У мінулы панядзелак у Варшаве адбылася сустрэча міністраў замежных справаў Польшчы і Кітаю Радэка Сікорскага і Ван І. Пасьля сустрэчы Сікорскі заявіў, што Польшча спадзяецца на тое, што Кітай учыніць ціск на Менск і Маскву. Кітай таталітарная аднапартыйная дзяржава. Ён знаходзіцца ў адным саюзе — Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва — з Расеяй і Беларусьсю, а зусім ня з Польшчай. Наколькі быў абгрунтаваным спадзеў на такі ціск?
Умараў: Я ня думаю, што на гэта быў рэальны разьлік — маўляў, Пэкін націсьне на Маскву і на Менск, і канфлікт вырашыцца. Ня думаю, што ў Варшаве былі настолькі наіўнымі, што разьлічвалі, зачыніўшы мяжу, прымусіць Пэкін аказаць ціск на свайго найбліжэйшага хаўрусьніка — Расею.
Шарыпжан: У Кітая ніколі не было сваіх і чужых. Кітайцы будуюць палітыку на стагодзьдзі наперад і аглядаючыся на стагодзьдзі сваёй гісторыі. Для Джун-го, для «сярэдзінай імпэрыі», усё, што адбываецца за яе межамі — у Казахстане, Узбэкістане, Беларусі, Польшчы — гэта інструмэнты для выбудоўваньня палітыкі на стагодзьдзі ў будучыні.
Форум