Як адзначаецца на афіцыйным сайце першынства, такое рашэньне ўхвалілі праз тое, што гаспадары турніру — Латвія і Літва — забаранілі на сваёй тэрыторыі спаборніцтвы з удзелам беларускіх спартоўцаў, а зборная Беларусі сёлета выйшла ў фінал Эўра-2026.
24 верасьня вызначыліся ўсе краіны, якія возьмуць удзел у фінале Эўра-2026: Літва, Латвія, Славенія, Украіна, Партугалія, Гішпанія, Армэнія, Бэльгія, Вугоршчына, Грузія, Італія, Польшча, Францыя, Харватыя, Чэхія і Беларусь.
Славенія прыме 18 матчаў, у тым ліку матчы груп С і D, у тым ліку два чвэрцьфіналы, паўфіналы, матч за трэцяе месца і фінал.
Зборная Славеніі будзе ўключана ў групу С, а Беларусь — у С або D, і, такім чынам, усе патэнцыйныя матчы з удзелам зборнай Беларусі пройдуць у Славеніі.
Лёсаваньне фінальнай стадыі адбудзецца 24 кастрычніка на «Жальгірыс Арэне» у Коўне. Там сфармуюць чатыры групы па чатыры зборныя. Па дзьве найлепшыя каманды потым выйдуць у чвэрцьфінал.
Чэмпіянат Эўропы ў футзале ў 2026 годзе пройдзе з 18 студзеня па 8 лютага ў Рызе і Коўне. Зборная Беларусі стала пераможцай адборачнага квартэту з камандамі Італіі, Фінляндыі і Мальты.
Беларусы другі раз кваліфікаваліся на чэмпіянат Эўропы, у 2010 годзе каманда не змагла выйсьці з групы ў фінальнай частцы турніру. Акрамя краін-гаспадароў і Беларусі, на турнір таксама прайшлі адбор Украіна, Польшча, Партугалія, Чэхія, Славенія, Армэнія, Харватыя.
- 28 лютага 2022 году, праз чатыры дні пасьля поўнамаштабнага ўварваньня расейскай арміі на тэрыторыю Ўкраіны, Міжнародны алімпійскі камітэт заклікаў міжнародныя спартовыя фэдэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з Расеі і Беларусі. Гэтую рэкамэндацыю прынялі да выкананьня неадкладна і масава, у выніку чаго расейскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.
- 25 студзеня 2023 году выканкам МАК пацьвердзіў санкцыі, уведзеныя для Беларусі і РФ за вайну супраць Украіны, аднак адзначыў, што ніводнаму спартоўцу нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах «толькі празь яго пашпарт».
- 28 сакавіка 2023 году МАК рэкамэндаваў міжнародным фэдэрацыям відаў спорту дазволіць беларусам і расейцам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах у нэўтральным статусе, калі яны не зьвязаныя з арміяй або сілавымі структурамі і адкрыта не падтрымлівалі вайну супраць Украіны. Дазвол на ўдзел павінны даваць спартовыя фэдэрацыі.
- З аналягічнымі ўмовамі МАК дапусьціў індывідуальных спартоўцаў зь Беларусі і Расеі да ўдзелу ў летніх Алімпійскіх гульнях-2024 у нэўтральным статусе. У лыжных відах спорту і біятлёне расейцаў і беларусаў да спаборніцтваў не дапусьцілі. На летняй Алімпіядзе-2024 у Парыжы беларускія атлеты, якія выступалі ў абмежаванай колькасьці і ў нэўтральным статусе, заваявалі чатыры мэдалі — залаты, два сярэбраныя і бронзавы, заняўшы віртуальнае 50-е месца ў агульным заліку.
Форум