«Адказаць шчыра»? Былы пасол Польшчы пра спосаб паўплываць на Лукашэнку

Лешэк Шарэпка. Каляж.

Польшча сёньня ўначы адкрывае мяжу зь Беларусьсю. Ці ўдалося Варшаве націснуць на Менск і дамагчыся свайго, ці перамога ў гэтым двубоі на баку Лукашэнкі?

Пра няпростыя суседзкія адносіны Беларусі і Польшчы Дзьмітры Гурневіч размаўляе з былым польскім паслом у Менску Лешэкам Шарэпкам.

— Вы былі паслом у Беларусі з 2011 да 2015 год, калі адносіны наладжваліся. Чаму тады гэта ўдалося?

— Я не да канца згодны з вашай думкай. Нармалізацыя заняла ў нас шмат часу. Вы павінны памятаць, што ў 2012 годзе я мусіў пакінуць Беларусь. Улады хацелі, каб я тэрмінова выехаў на кансультацыі ў Варшаву. Я правёў у Польшчы 2 месяцы і нарэшце вярнуўся. Але некаторыя паслы ЭЗ ня мелі такога шчасьця. Адносіны пачалі паляпшацца дзесьці ў 2012-2015 гадах.

— А што на гэта паўплывала?

— Хіба што вайна ва Ўкраіне, захоп Крыму, Данбасу, хаця апошняе было не да канца ўдалае. А пасьля ў Польшчы зьмяніўся ўрад. А калі ў нас мяняецца ўрад, то ён заўсёды спрабуе палепшыць адносіны з Лукашэнкам.

— Ня так даўно ў Польшчы зьмяніўся ўрад. На зьмену кансэрватарам прыйшлі цэнтрысты. Ці былі спробы наладзіць адносіны з Лукашэнкам?

— Не да канца. Мы не павінны забываць пар вайну ва Ўкраіне, для нас гэта вельмі важны выклік. І ўсе польскія ўрады павінны гэта ўлічваць. Чатыры гады таму Лукашэнка дазволіў расейскім войскам ударыць па Кіеву. Таму тут нічога не зьмянілася. Ва ўраду не было ўжо поля для манэўру.

— 5 верасьня, за тыдзень да закрыцьця мяжы, вы напісалі ў сваім фэйсбуку, што Польшча на час вучэньняў павінна зачыніць мяжу і паставіць армію ў стан гатоўнасьці. Чаму вы так лічылі?

— Я ўжо амаль чатыры гады кажу, што неабходна зачыніць мяжу паміж Польшчай і Беларусьсю з Расеяй. Гэта ня вельмі добра ўплывае на нашу бясьпеку. Калі вы заўважылі, то я казаў пра закрыцьцё на час вучэньняў. Гэта адэкватны крок, беручы пад увагу вайну ва Ўкраіне.

— Але танкі і так бы не паехалі праз пераходы ў Баброўніках ані Тэрэспалі.

— Справа ў шляху танкаў. Трэба даслаць важны сыгнал, што мы гатовыя, што мы глядзім, чакаем, нас нельга засьпець зьнянацку. Так павінен рэагаваць кожны ўрад.

— Што на вашу думку прымусілі Польшчу адкрыць мяжу з Беларусьсю?

— Мяжу закрылі з прычыны вучэньняў. 16-га верасьня яны скончыліся. Сёньня ўжо 24-га. Відаць, у Варшаве палічылі, што сытуацыя моцна не пагоршылася і можна вярнуцца да таго, што было раней. Выглядае, што Кітай пачаў моцна ціснуць на польскі і беларускі ўрады. У Польшчы ёсьць вельмі ўплывовае лобі, якое займаецца гэтым бізнэсам. Брусэль, бадай, таксама незадаволены тым, што адбылося. Тут былі розныя рычагі ўплыву на польскі ўрад, каб хутчэй гэта зрабіць.

— Чаму Варшава зачыняла мяжу зь Беларусьсю, а з Калініградзкай вобласьцю пераходы працавалі? У выніку беларусы траплялі ў Польшчы і праз Расею.

— Для мяне гэта таксама дзіўна, трэба быць пасьлядоўнымі. Калі вучэньні ёсьць і ў Калінінградзкай вобласьці, мы павінны зачыніць мяжу і тут, і там. Чаму так адбываецца, для мяне незразумела.

— Чаму Варшава столькі год не можа дамагчыся вызваленьня Пачобута?

— Такі шанец быў тры гады таму, калі з турмы выйшлі тры жанчыны, зьвязаныя з Саюзам палякам. Мне казалі што Анджэй сам адмовіўся пакідаць турму, бо ўмовай было, што ён мусіць пакінуць Беларусь. А ён быў супраць. Потым Анжаліка Борыс зь ім сустракалася і перадала грамадзкасьці, што ён адмаўляецца пакідаць Беларусь. Гэта было год таму. Але адносіны Польшчы і Беларусі ўвесь час пагаршаюцца. Магчыма Лукашэнка прыйшоў да высновы, што цана, якую Лукашэнка гатовы заплаціць за Пачобута, вельмі малая.

— Чаму такая буйная эўрапейская краіна як Польшча нічога не ў стане зрабіць з Лукашэнкам, неяк яго прымусіць вызваліць Пачобута?

— Такія рэчы дзейнічаюць як пагроза. Але калі гэта пачынаюць уводзіць у жыцьцё, то гэта пачынае дзейнічаць па-другому. Лукашэнка вельмі адчувальны, калі мы кажам пра захаваньне твару. Ён не хоча паказваць, што ён здаўся. Я думаю, што размовы, якія былі з кітайскімі прадстаўнікамі, закраналі і тэму Пачобута. Але Лукашэнка насамрэч не зацікаўлены тым, каб палепшыць адносіны з Польшчай. А калі ён не зацікаўлены, то ў нас няма мірных інструмэнтаў, каб на гэта паўплываць.

— Ці існуе нейкі інструмэнт у руках Польшчы або ЭЗ, каб прымусіць Лукашэнку да саступак?

— Калі шчыра, то мірных сродкаў не існуе. Ёсьць Куба, яна пад санкцыямі 40 год. І гэта выспа. І яна перажывала санкцыі, хаця ўзровень жыцьця ўпаў. Але Куба не здалася. А тут мы кажам пра Беларусь, якая суіснуе з Расеяй, якая ёсьць галоўным рынкам збыту тавараў. Таксама ёсьць Кітай, Індыя. Для мяне галоўнае, што будзе з Расеяй. Калі Расея пацярпіць паразу ў вайне, то Лукашэнка будзе вымушаны падстройвацца пад новыя ўмовы. Але я ня думаю, што ў нас ёсьць магчымасьці прымусіць Лукашэнку весьці іншую палітыку.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.