Лінкі ўнівэрсальнага доступу

BySol адказаў на крытыку пасьля перадачы часткі грошай вызваленым 11 верасьня палітвязьням


Сысболіка BySol, архіўнае фота
Сысболіка BySol, архіўнае фота

Ініцыятыва BySol патлумачыла мінулым досьведам рэзэрваваньне часткі сродкаў, сабраных для вывезеных 11 верасьня ў Літву зьняволеных, якое выклікала крытыку.

Рашэньне фонду салідарнасьці BySol зарэзэрваваць частку сродкаў, сабраных для вызваленых і вывезеных у Літву 11 верасьня зьняволеных, выклікала крытыку з боку шэрагу ахвярадаўцаў, сярод якіх былі вядомыя актывісты. У сацсетках яны, у прыватнасьці, заявілі, што збор праводзіўся менавіта для гэтай групы, і запатрабавалі перадаць ёй усе грошы.

Для вызваленых 11 верасьня быў аб’яўлены збор 50.000 эўра, па факце на вечар 22 верасьня ахвяравалі 111.305 эўра. BySol паведаміў, што са сродкаў Міжнароднага гуманітарнага фонду выплаціў вызваленым 11 верасьня 31.000 эўра — па 1000 эўра кожнаму з 31 чалавека, які зьвярнуўся па дапамогу. Цяпер на працягу трох месяцаў паміж усімі чальцамі групы, якія маюць у гэтым патрэбу, будзе разьмеркавана 50.000 эўра, што адпавядае абʼяўленай суме збору.

«Бо мы чакаем новых вызваленьняў, астатнія сродкі будуць зарэзэрваваны для дапамогі наступным групам вызваленых», — заявіла арганізацыя.

У адказ на запыт «Позірку» BySol канкрэтызаваў матывы такога рашэньня.

«Мы бачым крытычныя заўвагі ў сацсетках, у тым ліку нашых, — адзначыў прадстаўнік фонду. — Мэта збору для вызваленых 11 верасьня была 50 тысяч эўра, яна была сабраная і поўнасьцю будзе разьмеркавана для вызваленых. Грошы, сабраныя звыш гэтага, будуць выдаткаваныя на патрэбы іншых ввызваленых, калі здарыцца такая сытуацыя. Фонд, прымаючы такое рашэньне, кіраваўся досьведам дапамогі ў папярэднія гады: мы перакананыя, што чарговая група палітвязьняў, калі яна будзе вызваленая і дэпартаваная з Беларусі бяз грошай і рэчаў, таксама будзе мець патрэбу ў хуткай матэрыяльнай дапамозе».

У ініцыятыве паведамілі, што таксама кіраваліся досьведам іншых збораў BySol:

«Напрыклад, у сытуацыях, калі на дзіцячы збор была сабрана сума больш мэтавай, неабходнай для выплаты дапамогі, то гэтыя дадатковыя сродкі перанакіроўваліся на наступны дзіцячы збор. Гэтая практыка не выклікала крытычных заўваг. Мы чакаем новых вызваленьняў і плянуем таксама максымальна хутка дапамагчы».

Агулам 11 верасьня ў Літву быў вывезены 51 чалавек, з іх 37 грамадзян Беларусі. Яшчэ адзін, палітык Мікола Статкевіч, адмовіўся ад прымусовага вывазу, пакінуў аўтобус паміж пунктамі пропуску Каменны Лог і Меднікі і вярнуўся на беларускую тэрыторыю. Далейшы яго лёс дакладна невядомы. Па ўскосных заявах Аляксандра Лукашэнкі і здагадак блізкіх Статкевіча, ён зноў утрымліваецца ў папраўчай калёніі ў Глыбокім (Віцебская вобласьць).

Палітвязьні апынуліся за мяжою ў выніку прымусовай экспатрыяцыі, без дакумэнтаў і часта безь неабходных рэчаў.

Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG