Латвія з 15 кастрычніка ўводзіць абавязковую электронную чаргу на вонкавых межах, гэта значыць і зь Беларусьсю. Такую пастанову 24 верасьня выдаў урад краіны, паведаміў tvnet.lv.
Плата за рэгістрацыю ў электроннай чарзе будзе складаць 9,3 эўра. Выключэньне будуць складаць конныя экіпажы, велатранспарт, асобы з пашпартамі Эўракамісіі і некаторыя іншыя.
З 1 кастрычніка гэтага году магчымасьць папярэдняй рэгістрацыі транспартнага сродку ў электроннай чарзе для перасячэньня вонкавай мяжы Латвіі будзе забясьпечана пачынаючы з 15 кастрычніка на працягу даступнага часу браняваньня.
Рэгістрацыя будзе адкрытая на памежных пераходах з Расеяй — Грэбнева і Церахава, а таксама ў Патэрніеках (Грыгораўшчына) на мяжы зь Беларусьсю.
Новы парадак прадугледжвае рэгістрацыю кіроўцаў транспартных сродкаў у сыстэме браняваньня электроннай чаргі на сайце да прыбыцьця ў пункт пропуску празь дзяржаўную мяжу з указаньнем пункту пропуску, даты, часу і тыпу чаргі (прыярытэту).
Правілы таксама вызначаюць парадак перасячэньня вонкавай сухапутнай мяжы дзяржавы па-за чаргой, аб’ём і тэрміны захоўваньня зьвестак аб асобах і транспартных сродках, якія падлягаюць уключэньню ў сыстэму браняваньня электроннай чаргі, а таксама ўпаўнаважаныя ўстановы, якія маюць права доступу да зьвестак сыстэмы браняваньня электроннай чаргі, і іншыя ўмовы.
Гэта чарговае зьмяненьне законаў у Латвіі, якое датычыць грамадзянаў Беларусі. Зь верасьня зьмяніўся парадак уезду ў Латвію грамадзянаў трэціх краінаў. Паводле новых правілаў, каб прайсьці мяжу, іншаземец павінен загадзя запоўніць анкету на сайце eta.gov.lv і атрымаць адказ — дазвол ці адмову. Анкету трэба падаваць не пазьней чым за 48 гадзінаў да паездкі.
Падаваць інфармацыю можна і раней, чым за два дні, але калі пляны мяняюцца, то зьвесткі трэба абнаўляць. Пры перасячэньні мяжы краіны транзытам дастаткова пазначыць толькі даступныя кантакты.
Форум