Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця панізіў прагноз росту ВУП Беларусі ў 2025 годзе


Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця, сядзіба ў Лёндане. Архіўнае фота
Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця, сядзіба ў Лёндане. Архіўнае фота

Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР) апублікаваў справаздачу аб рэгіянальных эканамічных пэрспэктывах, даўшы ёй красамоўны загаловак: «Пад ціскам».

«Эканомікі ў рэгіёнах ЭБРР знаходзяцца пад ціскам працяглай глябальнай геапалітычнай напружанасьці, узмацненьня канкурэнцыі з боку Кітая на экспартных рынках і абмежаваных бюджэтных магчымасьцяў», — гаворыцца ў справаздачы.

Пэрспэктывы росту ВУП ў Беларусі бачацца аналітыкам ЭБРР нестабільнымі з-за вялікай залежнасьці ад Расеі і накладзеных на эканоміку санкцый.

«У студзені-ліпені 2025 года рост рэальнага ВУП запаволіўся да 1,3 працэнта ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага года, галоўным чынам у выніку скарачэньня вытворчасьці ў прамысловым і сельскагаспадарчым сэктарах. У той жа час інфляцыя ў ліпені вырасла да 7,4 працэнта, што адлюстроўвае рост цэн на прадукты харчаваньня і паслугі.

Улічваючы павелічэньне залежнасьці ад расейскай эканомікі і ўмеранасьці росту ў Расеі, кароткатэрміновыя эканамічныя пэрспэктывы выглядаюць неспрыяльнымі. Чакаецца, што рэальны ВУП вырасьце на 1,7 працэнта ў 2025 годзе і на 2,3 працэнта ў 2026 годзе. Хоць лепшы ўраджай можа падтрымаць эканамічныя паказчыкі ў 2025 годзе, эканамічныя санкцыі, якія дзейнічаюць у цяперашні час, працягваюць ствараць значныя рызыкі зьніжэньня», — гаворыцца ў справаздачы.

У лютым 2025 году Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця прагназаваў, што рост ВУП Беларусі ў 2025-м складзе 2,5%. Такі ж прагноз — рост ВУП на 2,5% — экспэрты давалі і на 2026 год.

Тым часам, паводле экспэртаў нарастаюць эканамічныя праблемы і ў Расеі, зь якой цесна зьвязаная Беларусь:

«Эканамічны рост у Расеі запаволіўся да 1,2 працэнта ў першай палове 2025 года ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага года з-за слабейшага ўнутранага попыту і зьніжэньня даходаў ад экспарту нафты. У той час як абаронная прамысловасьць працягвала падтрымліваць рост ВУП, актыўнасьць у прамысловасьці здабычы карысных выкапняў заставалася слабой, а рост гандлю стаў адмоўным. Дэфіцыт бюджэту павялічыўся. Інфляцыя некалькі зьнізілася, але засталася высокай на ўзроўні 8,1 працэнта ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году ў жніўні 2025 года, перавысіўшы мэтавы паказчык. Прагназуецца, што рэальны рост ВУП складзе 1,3 працэнта ў 2025 і 2026 гадах», — гаворыцца ў справаздачы.

Тым часам эканоміка Цэнтральнай Эўропы адаптавалася да шоку, выкліканага ростам коштаў на энэрганосьбіты і вайной ва Ўкраіне, пішуць экспэрты.

«Рост у Цэнтральнай Эўропе і краінах Балтыі павялічыўся з 0,4 працэнта ў 2023 годзе да 2,1 працэнта ў 2024 годзе і 2,4 працэнта ў першай палове 2025 года, паколькі эканомікі паступова адаптаваліся да зьмяншэньня паставак расейскага газу і больш высокіх цэн на энэрганосьбіты пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Чакаецца, што рост складзе 2,4 працэнта ў 2025 годзе і 2,7 працэнта ў 2026 годзе», — гаворыцца ў справаздачы.

Напрыклад, прагназуецца, што прырост ВУП у Літве ў 2025 годзе складзе 1,1 працэнта, а ў 2026 годзе — 1,6 працэнта.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG