Уладзімір Зяленскі ў інтэрвію Axios таксама паабяцаў зьвярнуцца да парлямэнта Ўкраіны з просьбай правесьці выбары, калі будзе дасягнутае пагадненьне аб спыненьні агню.
На пытаньне, ці будзе ён лічыць сваю працу завершанай пасьля заканчэньня вайны, Зяленскі адказаў, што будзе «гатовы» сысьці ў адстаўку. «Мая мэта — скончыць вайну», а не працягваць балятавацца на пасаду, сказаў ён.
Паводле слоў Зяленскага, падчас іх сустрэчы 23 верасьня ён сказаў прэзыдэнту ЗША Дональду Трампу, што калі будзе спыненьне агню, «мы можам выкарыстаць гэты пэрыяд часу (для абвяшчэньня і правядзеньня выбараў — рэд.), і я магу даць гэты сыгнал парлямэнту». Зяленскі таксама адзначыў, што разумее, што людзі могуць шукаць «лідэра з новым мандатам», каб прыняць важныя рашэньні, неабходныя для дасягненьня трывалага міру.
Зяленскі лічыць, што праблемы бясьпекі ўскладняць арганізацыю выбараў, але ён лічыць, што гэта ўсё яшчэ магчыма.
Зяленскага абралі зь пераканаўчай перавагай у 2019 годзе. Калі б не паўнамаштабная вайна, яго пяцігадовы тэрмін скончыўся б у траўні 2024 года. Папулярнасьць палітыка вырасла прыкладна да 90% у першыя месяцы вайны. Большасьць апошніх апытаньняў паказваюць яго папулярнасьць цяпер вышэй за 60%.
Выбары падчас ваеннага становішча катэгарычна забароненыя Канстытуцыяй Украіны. Каля 20% тэрыторыі Ўкраіны зараз акупавана Расеяй, і мільёны ўкраінцаў зьяўляюцца перамешчанымі асобамі. Уся краіна знаходзіцца ў зоне расейскіх удараў, піша Ўкраінская служба Радыё Свабода.
Форум