Аэрапорт Капэнгагена, самы загружаны ў скандынаўскім рэгіёне, заявіў, што зноў адкрыўся ў аўторак раніцай пасьля таго, як з-за бесьпілётнікаў там спынілі ўсе ўзьлёты і пасадкі амаль на чатыры гадзіны. Нарвескі аэрапорт Осла таксама зноў адкрыўся пасьля таго, як закрываў сваю паветраную прастору з-за бесьпілётніка, піша Reuters.
«Паліцыя пачала інтэнсіўнае расьсьледаваньне, каб вызначыць, што гэта за бесьпілётнікі, — сказаў журналістам намесьнік памочніка камісара паліцыі Капэнгагена Якаб Хансэн. — Дроны зьніклі, і мы ніводнага з іх не затрымалі», — дадаў ён.
Хансэн сказаў, што ўлады Даніі і Нарвэгіі будуць супрацоўнічаць, каб вызначыць, ці ёсьць сувязь паміж гэтымі двума інцыдэнтамі.
Паветраная прастора ў аэрапорце Осла ў Нарвэгіі была зноў адкрыта а 3:22 раніцы, паведаміў прадстаўнік нарвескага апэратара аэрапорта Avinor.
Яна была зачыненая з поўначы з-за бесьпілётніка, і ўсе рэйсы былі перанакіраваныя ў бліжэйшы аэрапорт.
Дацкая паліцыя ў панядзелак паведаміла, што два ці тры вялікія бесьпілётнікі былі заўважаныя, як яны ляцелі каля аэрапорта Капэнгагена, што закрыла яго для ўсяго руху.
Паводле зьвестак службы адсочвання палётаў FlightRadar, аэрапорт спыніў працу ў панядзелак а 20:26. Каля 50 рэйсаў былі перанакіраваныя ў альтэрнатыўныя аэрапорты, паведаміў FlightRadar на X.
Пасля паўторнага адкрыцьця аэрапорт Капэнгагена заявіў, што затрымкі і некаторыя адмены вылетаў будуць працягвацца, і заклікаў пасажыраў зьвярнуцца ў свае авіякампаніі.
Закрыцьцё аэрапорта адбылося пасьля сэрыі збояў у эўрапейскіх аэрапортах у апошнія дні.
Кібэратака ў мінулую пятніцу вывела з ладу сыстэмы рэгістрацыі і пасадкі, якія пастаўляюцца Collins Aerospace, падразьдзяленьнем RTX, што паўплывала на працу аэрапортаў Лёндана, Бэрліна і Брусэля. На працягу выходных і ў панядзелак наступствы працягвалі перашкаджаць падарожжам па ўсім рэгіёне.