Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Борыс паведаміла, што палітвязень Анджэй Пачобут тыдзень правёў у шпіталі


Анджэй Пачобут у судзе. Горадня, 2023
Анджэй Пачобут у судзе. Горадня, 2023

Кіраўніца ліквідаванага ўладамі Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс расказала падрабязнасьці сваёй сустрэчы з Анджэем Пачобутам у Наваполоцкай калёніі 23 верасьня.

Паводле яе слоў у інтэрвію польскаму выданьню Rp.pl, Пачобут цяпер важыць 73 кг, ён правёў у шпіталі тыдзень, дзе атрымліваў неабходныя лекі.

«Ён сказаў, што набраў вагу ў шпіталі. Турма — гэта не санаторый. Ён не скардзіцца, але я перажываю за яго», — распавяла Борыс.

Борыс таксама расказала, што з Пачобутам яны абмяркоўвалі Саюз палякаў, сям’ю, сяброў і знаёмых. Тэму выезду Пачобута з Беларусі ў выпадку вызваленьня яны не ўздымалі, піша Mediazonaby.com.

«Дзейнасьць нашай арганізацыі для Анджэя зьяўляецца вельмі важным пытаньнем. Польская меншасьць у Беларусі не займаецца палітыкай, мы не жадаем ніякай канфрантацыі. Мы ніколі не былі палітычнай арганізацыяй. Ён сказаў, каб сямʼя не турбавалася аб ім. Пасьля сустрэчы я таксама збіраюся наведаць яго бацькоў», — дадала яна.

23 верасьня Эўрапейскі парламэнт абвясьціў кандыдатаў на прэмію Сахарава 2025 году, якую прысуджаюць за заслугі ў абароне правоў чалавека. Сярод намінантаў — беларускі палітвязень, журналіст і сябра Саюзу палякаў Беларусі Анджэй Пачобут.

Яго кандыдатуру вылучылі дзьве ўплывовыя групы Эўрапарламэнту — Эўрапейская народная партыя і Эўрапейскія кансэрватары і рэфарматары.

Анджэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 году. У пачатку лютага 2023 году Пачобута асудзілі на 8 гадоў зьняволеньня паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: 361 «заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь» і 130 — «распальваньне варажнечы альбо розьні». Працэс над журналістам, сябрам Саюзу палякаў Беларусі Пачобутам праходзіў у закрытым рэжыме.

Ужо больш за два гады Анджэя Пачобута трымаюць у наваполацкай калёніі № 1. Там яго накіравалі працаваць на адну з самых шкодных для здароўя вытворчасьцяў — на ачыстку ад ізаляцыі медных дратоў. Вядома, што палітвязьня зьмяшчалі ў ШЫЗА і ПКТ. Па зьвестках праваабаронцаў Анджэя Пачобута каралі ў тым ліку за адмову працаваць на шкоднай для здароўя вытворчасьці.

«Фэльчар адмовілася падпісаць даведку, што ён па стане здароўя можа ўтрымлівацца ва ўмовах ПКТ, бо пры аглядзе быў зафіксаваны зрыў рытму сэрца і ціск 190/140. Але на наступны дзень прыйшоў больш дасьведчаны мэдык, урач тэрапэўт і, падпісаўшы даведку, адправіў яго ў ПКТ» — распавядала пра пакараньне Пачобута ў калёніі ягоная сваячка ў сацсетках у жніўні 2023 году.

Паводле сваякоў журналіста ў зьняволеньні ён працягвае пакутаваць ад праблем з сэрцам і ціскам.

Хто такі Анджэй Пачобут

  • Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
  • Нарадзіўся 17 красавіка 1973 году ў Вялікай Бераставіцы (Горадзенская вобласьць). Яму 49 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу.
  • У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
  • 25 сакавіка 2021 году Андрэя Пачобута затрымалі, прыйшоўшы да яго зь ператрусам.
  • Трох фігурантак «польскай справы» Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву у траўні 2021 вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. Старшыню Анжаліку Борыс у сакавіку 2022 вызвалілі зь СІЗА пад хатні арышт.
  • У Анджэя хворае сэрца. Раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.
  • За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў напад СССР на Польшчу 17 верасьня 1939 году агрэсіяй. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул пра здушэньне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 году пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля на Горадзеншчыне.
  • У 2023-м Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў наваполацкую калёнію № 1.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG