Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы занадта часта разыходзімся ў меркаваньнях з атачэньнем Сьвятланы». Ціханоўскі апублікаваў адкрыты ліст


Сяргей Ціханоўскі ў Вільні, ліпень 2025
Сяргей Ціханоўскі ў Вільні, ліпень 2025

Сяргей Ціханоўскі апублікаваў у сваёй суполцы «Краіна для жыцьця» адкрыты ліст, у якім патлумачыў спрэчку ў жывым эфіры на сустрэчы з дыяспарай у Нью-Ёрку. Там ён настаяў, каб Сьвятлана Ціханоўская скасавала інтэрвію тэлеканалу CNN і працягнула сустрэчу.

Вось гэты ліст цалкам:

1. Я вельмі паважліва стаўлюся да сваёй жонкі і да яе намаганьняў. І раблю ўсё, каб яна пра гэта ведала.

2. Мая грубасць учора выяўлялася ня столькі ў думках, колькі ў інтанацыі. Ведаю за сабой гэты грэх. Гэтая ж прамалінейная інтанацыя была маім галоўным палітычным інструмэнтам у 2020 годзе.

3. Той факт, што я не высыпаюся, хвалююся і ўзьвінчаны, не апраўдвае маіх манераў ва ўчорашняй сытуацыі на плошчы ў Нью-Ёрку.

4. Я злаваўся на тое, што мяне спрабуюць выкарыстоўваць. Выкарыстоўваць талісманам. Ня кажуць ні пра мэты, ні пра расклад сустрэч і інтэрвію. Не цікавяцца маім меркаваньнем.

5. Я сапраўды хацеў паўтары гадзіны пабыць разам з беларусамі і Сьвятланай. Пра інтэрвію на CNN мяне паставілі перад фактам за 20 хвілін да стрыму. Яно было непрадбачаным, нязначным, а можа і шкодным у дадзеным палітычным кантэксьце. Такое інтэрвію дакладна ня трэба было прызначаць на той жа час, што і даўно заплянаваную сустрэчу з дыяспарай.

6. Мы занадта часта разыходзімся ў меркаваньнях з атачэньнем Сьвятланы. Гэта праблема.

Я ўсьведамляю, што павінен вырашыць гэтую праблему зь мінімальнымі выдаткамі для нашай агульнай справы.

Шчыра ваш, Сяргей Ціханоўскі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG