Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пацісканьне рукі Пашыньяну, падзяка Гросі, пляны на супрацу з Расатамам. Лукашэнка выступіў на форуме ў Маскве


Аляксандар Лукашэнка і Нікол Пашыньян, 25 верасьня 2025 году
Аляксандар Лукашэнка і Нікол Пашыньян, 25 верасьня 2025 году

Аляксандар Лукашэнка назваў генэральнага дырэктара Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі (МАГАТЭ, IAEA) «сапраўдным мужыком» за падтрымку Беларускай АЭС.

«Хачу вас, спадар Гросі, падзякаваць за тое, што вы былі сапраўдным мужыком, сапраўдным чалавекам. Наша станцыя, вы памятаеце, была сур’ёзна палітызаваная. І ня там будуем, і ня тое будуем, і амэрыканцы супраць, а эўрапейцы ўвогуле былі ў шаленстве. Вы шмат разоў былі на гэтай станцыі. Але вы адкрыта перад журналістамі казалі: „Не нападайце на Беларусь, яны будуць з расейцамі самую прасунутую станцыю, пытаньняў няма“», — працытавала БелТА Аляксандра Лукашэнку зь яго выступу на Глябальным атамным форуме ў Маскве.

Ён дадаў, што Гросі ніколі «не падстаўляў» Беларусь і Расею і не прымушаў гэтыя краіны апраўдвацца. Лукашэнка адзначыў, што гатовы быў бы падтрымаць ягоную кандыдатуру на пасаду генэральнага сакратара ААН, калі б той вылучыў сваю кандыдатуру.

Пра супрацу з «Расатамам»

Лукашэнка таксама падзякаваў і расейскаму прэзыдэнту Ўладзіміру Пуціну за будаўніцтва БелАЭС і прапанаваў Расеі дапамогу беларускіх спэцыялістаў у праектах па будаўніцтве атамных станцый у іншых краінах.

«Дзякуй за навуку, дзякуй, што вы зрабілі нашу краіну па-сапраўднаму ядзернай дзяржавай. На шкадуючы ніякіх сакрэтаў, выконваючы міжнароднае права, прынцыпы. Гатовы дзейнічаць і далей, ня толькі ў Беларусі, але і на міжнароднай арэне, дапамагаючы будаваць станцыі», — сказаў Лукашэнка.

Ён прапанаваў кіраўніцтву «Расатаму» вярнуцца да праекту аб разьвіцьці ядзернага цэнтру ў Беларусі, а таксама прадоўжыць супрацу ў іншых кірунках, у тым ліку ў галіне аховы здароўя.

Перад пачаткам форуму паціснуў руку Пашыньяну

Праўладны Telegram-канал «Пул первого» апублікаваў фатаздымак, на якім перад пачаткам форуму Лукашэнка паціснуў руку прэм’ер-міністру Армэніі Ніколу Пашыньяну, які з чэрвеня 2024 году ня толькі не кантактаваў зь ім, але і заявіў, што ні ён, ні які-небудзь іншы афіцыйны прадстаўнік краіны не паедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе ў Менску знаходзіцца Лукашэнка, такім чынам ён адрэагаваў на заявы Менску аб падтрымцы Азэрбайджану ў карабахскім канфлікце.

На форуме Лукашэнка наўпрост зьвярнуўся да Пашыньяна з прапановай пабудаваць АЭС у Армэніі.

«Так, Нікол Ваваевіч, калі патрэбна, зьвяртайцеся. Калі прэзыдэнт [Расеі] ухваліць, мы гатовыя пачаць», — сказаў Лукашэнка.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG